Ну вось нарэшце і віно. Такое? Тады – за тваё ўменне слухаць.
Развіццё тых падзеяў ва ўсім іх ужо міфалагізаваным трагікамізме я ўявіў класе ў восьмым, калі ў музычнай радыёперадачы назвалі прозвішча даволі вядомага і цяпер кампазітара і праз незачыненыя дзверы я міжволі падслухаў, як пракаментаваў паведамленне мой бацька, чалавек наогул суровы і не надта гаваркі, але з несумнеўным талентам апавядальніка.
Той, каго называлі кампазітарам, у гады майго маленства працаваў дырэктарам гарадской музычнай школы, пісаў песні на вершы мясцовых паэтаў і круціў раман з афіцэрскаю жонкай. Як я зразумеў, звычайным месцам іх спатканняў быў дырэктарскі кабінет, у якім дзеля такіх выпадкаў стаяла, як выказаўся мой бацька, дзяжурная канапа. Аднойчы на гэтай канапе кампазітар і паставіў сваёй пасіі там, дзе спіна пераходзіць у больш спакуслівую частку цела, казённую пячатку.
Цяжка сказаць, якая логіка штурхнула яго на гэты неардынарны крок: ці то раптам разгуляліся ўласніцкія інстынкты, ці то пячатка, як тая знакамітая чэхаўская стрэльба, мусіла «стрэліць» ужо з прычыны адной сваёй прысутнасці на месцы дзеяння. Але што б там ні было, на тым самым адмысловым месцы ў кампазітаравай абранніцы з’явіўся фіялетавы адбітак з надпісам: «Полацкая дзіцячая музычная школа». Надпіс, бясспрэчна, атрымаўся добра чытэльны, іначай муж-афіцэр не схапіў бы ўначы пісталет, і праштампаванай прыгажуні не трэба было б па тэлефоне папярэджваць каханка аб небяспецы, а таму – ратавацца ўцёкамі, каб урэшце пераехаць у Менск, скончыць кансерваторыю, сапраўды зрабіцца кампазітарам і доўгі час не выступаць перад публікаю, пабойваючыся, што ў зале можа апынуцца афіцэр з пісталетам.
Карацей, кампазітарам у маленстве я не згадзіўся б стаць ні за якія грошы, нават за тыя, што бацькам ніколі не хапала, каб купіць мне ровар, на якім я, на свой сорам, так і не навучыўся ездзіць.
Затое мяне не трэба было ўгаворваць на вадалаза.
Згодны, давай вып’ем за маю першую мару.
Вадалазаў я ўпершыню ўбачыў, калі ў Дзвіне ўтапілася дзяўчына з суседняй вуліцы.
Яны прыязджалі ўранні на машыне «казле» і марудліва, як на запаволеных кінакадрах, выгружалі на бераг сваё мудрагелістае прычындалле. Найбольшае захапленне ў маёй душы выклікалі боты з таўшчэзнымі алавянымі падэшвамі, якія мы не маглі нават зрушыць з месца, і круглы шалом з вялізнымі вачыма-ілюмінатарамі.
На трэці дзень дзяўчыну выцягнулі з дна і, закруціўшы ў брызент, некуды павезлі.
Вартаўнік лодачнай станцыі дзядзька Мойша сцвярджаў, што за кожнага знойдзенага тапельца даюць вялікую прэмію. Прашамацела чутка, што дзеля гэтага вадалазы самі топяць людзей, чапляюць ім да ног камяні, а потым «знаходзяць» у прыкмечаным месцы.
Я не верыў. Я быў пэўны, што тапельцаў у Дзвіне не будзе бракаваць і без гэтага, і ўяўляў, як вырасту і буду гэтаксама абуваць цяжэзныя