Міхал і Бася праехалі наперад кавалькады. Дзяўчынцы было страшэнна нязручна сядзець у дамскім сядле, спіна здранцвела і пры кожным руху пачынала жахліва храбусцець. Але Бася была гатовая трываць гэтыя пакуты дзеля магчымасці пабыць з Міхалам сам-насам замест таго, каб трэсціся ў душнай карэце і слухаць бязглуздыя плёткі прыдворных паннаў.
Сябры весела размаўлялі, калі раптам паміж іх канямі ўклініўся Годыеўскі.
– Вось не магу зразумець, Саколіч, ці ты тады дзеўку пажам апранаў, ці ты зараз хлапчука дзяўчынай выстраіў, – здзекліва сказаў паляк.
Бася ад нечаканасці залілася пунсовай фарбай, а Міхал скрозь зубы спытаў:
– Слухай, Годыеўскі, ты што, сваркі са мной шукаеш? Якая табе справа да нас?
Паляк пасміхнуўся.
– Не забывайся, тут Яе Мосць пані княгіня Радзівіл – значным тонам прамовіў юнак.
– А што мне твая княгіня? У мяне адзіная ўладарка – каралева Бона! – адказаў Годыеўскі, а потым, памаўчаўшы, працягнуў: – Усё ж такі, Саколіч, давай разбяромся. Каго ж ты разам з сабой возіш? Не хацеў мне пажа саступіць, дык можа дзеўку саступіш?
Міхал пабарвавеў:
– Ды як ты смееш?!
– Міхалачак, не трэба! – спалохалася Бася.
Лях павярнуў галаву да дзяўчынкі. Раптам ён замахнуўся і выцяў бізуном па крыжы Басінага каня. Той заржаў ад болю і наўгалоп кінуўся наперад. Годыеўскі зарагатаў, а Бася закрычала. Міхал кінуўся наўздагон. Конь нёсся, не разбіраючы шляху. У дзяўчынкі з рук выслізнулі лейцы, яна страціла раўнавагу і, не ўтрымаўшыся, павалілася з каня і засталася ляжаць нерухома. Да Басі падаспелі Міхал і яшчэ некалькі шляхцічаў. Юнак павярнуў Басю на спіну і ўбачыў, што ўвесь яе твар у крыві і брудзе.
– Лекара!!! – закрычаў Міхал. – Хутчэй, лекара!
Адзін са шляхцічаў памчаў за лекарам, і ўжо праз некалькі хвілін Басю неслі ў чыімсьці плашчы.
– Дастаньце пярыну, каб дзяўчынцы было мякчэй ляжаць, нясіце яе да мяне ў карэту! – камандавала княгіня.
– Не-не, – паспяшаўся ўмяшацца лекар. – Яе ні ў якім выпадку нельга класці на нешта мяккае. У паненкі можа быць пашкоджаная спіна.
– Як спіна?! – з трывогай усклікнуў Міхал.
– Вы бачылі, як яна павалілася? – спытаў лекар і пасля таго, як Міхал разгублена кіўнуў, строга дадаў: – Тады не здзіўляйцеся, што ў паненкі могуць быць пашкоджанні! Нясіце яе ў мой воз і кладзіце проста на падлогу! Ці адшукайце нейкія дошкі…
Басю перанеслі ў вазок да лекара, дзе ён яе агледзеў. Міхал стаяў непадалёк і нервова грыз пазногці, утаропіўшыся ў адну кропку. Ніякіх сур’ёзных пашкоджанняў у дзяўчынкі не знайшлі. Але, падаючы з каня, яна дужа выцялася і падрапала твар. Лекар апрацаваў раны і пакуль пакінуў дзяўчынку ў сябе, накрыўшы яе мноствам коўдраў і пледаў, якія княгіня Радзівіл выдала са сваёй паклажы.
Калі Бася апрытомнела, яна не адразу зразумела, дзе знаходзіцца. Перад вачыма ўсё расплывалася.
– Басенька! – пачула дзяўчынка знаёмы голас. – Нарэшце ты ачуняла!
Яна ўсё ж такі здолела