– Так, любяць. І гэта многае значыць, многага варта. І любоўю дзіцячай ты так проста не раскідвайся, каб не было потым пакутліва балюча… Дык вось дырэктар, ведаючы тваю магчымую рэакцыю, прапаноўвае падумаць, паразважаць, паразмаўляць з калегамі, бацькамі, каханай сяброўкай і даць заўтра ўцямны адказ – бярэш класнае ці не.
– Я, канечне, падумаю, – у роце маім асмягла, а словы спатыкаліся, ператвараючы голас у шоргат цукровага трыснягу, які высякалі чарнаскурыя нявольнікі. – Але мой папярэдні настрой адмоўны. Не хочацца ўзвальваць на сябе лішнюю адказнасць. Я ж і за сябе іншым разам не магу толкам адказаць, а тут… – Мы ўсёй грамадой будзем табе дапамагаць з планамі, дакументамі. Усё дамо. Што трэба, растлумачым.
– А сувязь з бацькоўскім камітэтам? Ахвяраванні… – я няпэўна пакруціў далонню ў паветры, быццам укручваў у патрон новую лямпачку.
– Так, тут можа быць яшчэ тая загваздка. Мы пра гэта думалі… Але ў любым выпадку ты можаш разлічваць на маю асабістую дапамогу. Калі з’явіцца патрэба, дык я выступлю і перад дзецьмі, і перад бацькамі.
Міжволі мне хацелася паверыць ва ўсе вясёлкавыя перспектывы намаляваныя Марынай Нарымунтаўнай. Але ж занадта фантастычнымі яны выглядалі. Таму, маючы ў галаве гатовае «не!», я ветліва ўзяў прапанаваны для роздуму час.
Выйшаўшы ад Любартавай, я цяжка ўздыхнуў і паспрабаваў адчуць заштампаваную масай грызапёраў палёгку. Збольшага мне гэта ўдалося. І ўсе наступныя размовы на гэты конт поўніліся невыноснай лёгкасцю быцця: маўляў, вось такі я шчасліўчык, лёсік, пястун, з якім цацкаюцца, прапаноўваючы тое, што a priori ўваходзіць у мае службовыя абавязкі. Суразмоўцы раілі мне рознае. Аднак практычна ўсе схіляліся да думкі: «Ё магчымасць не браць, дык не бяры». Міроненка проста на калідоры ўзычыў мне нідэрландскую прыказку: «Што для аднаго смерць, для другога – хлеб». Цікавым мне было і меркаванне Цыпінай, але ў яе не было ні хатняга, ні мабільнага тэлефона. А каб нават і былі, я наўрад ці б наважыўся ёй пазваніць з нагоды такога, у сутнасці, глупства, пане дабрадзею.
Назаўтра я вымавіў «не!» уголас. Яшчэ праз дзень з лёгкім ветрам паехаў на секцыю настаўнікаў гісторыі ў школу, да якой туліцца гарадская фабрыка марозіва. Нічога новага ні ад метадыстаў, ні нават ад рэдактара «Беларускага гістарычнага часопісу» пачуць не пашчасціла. Але яркае сонейка, прыемны халадок, што струменіўся