– Не, такога ляшча ня трэба. Такіх ляшчоў у мяне ўжо шмат. Выцягні такога, каб ім можна было закусіць.
Усе трое сур’ёзна заківалі. У Ткача ажыў тэлефон. Спачатку мужчына казаў ціха й салодкім голасам, пасьля – апраўдваючыся.
– Кінула слухаўку, – сказаў ён спакойна.
– Я гэтаму кажу і табе скажу. Пастаў ты яе на месца. Што вы ня як мужыкі. Раз на месяц ты ня можаш у рыбу зьезьдзіць? Тым больш ты сур’ёзны чалавек, дом свой, машына, бізнэс свой. Што яна яшчэ хоча?
– Так, – сказаў Віктар. – Давайце не ўздымаць гэтую тэму. Ты мне лепш скажы, Макс, якая там плыня?
– Плыня там – акурат для сама! – і мужчыны зарагаталі.
Машына ўехала ў лес. У багажніку штосьці адчувальна грукала, калі яны праяжджалі па ямінах. Максім трымаўся за стырно, а пасажыры – за вочапкі над вокнамі. Максім узгадаў “араматыку на ракаў” і яго пацягнула на ваніты. Пакуль ня выехалі на раўнейшы ўчастак, усе маўчалі.
– Блін, намётаў жа! Пазаймалі ўсё.
– Ты яшчэ пра абарыгенаў не забывай.
Але на месцы, да якога яны ехалі, ніхто не расклаўся. Гэта была прадаўгаватая, уздоўж абрывістага, парослага дрэвамі берагу, палянка, з двума кругамі прагарэлых вогнішчаў, невялічкім сталом і лавамі пры ім. Крыху наводдаль зь неабдзертых камельчыкаў сасны й нейкіх галінаў была змайстраваная сушылка для рыбы.
– Аптымісты, – пракамэнтаваў Віктар.
Гарачыня зусім сышла. Максім адчыніў свае дзьверы й адну за адною высунуў ногі на вольны ад травы лапік пяску. Ён устаў і зрабіў чатыры крокі. Ногі крыху здранцьвелі. Максім пацягнуўся й набраў Марыю.
– Нічога ты ня зловіш. Можаш не спадзявацца.
– Дзякую на добрым слове.
– Толькі абавязкова сёньня закінь. Можа, і сёньня ня зловіш, і заўтра ня зловіш.
Хлопцы нешта крычалі ад вады, але словаў было не разабраць.
– Я так хачу ляшча. Бацька яго гатаваў і мяне навучыў. Гэты смак зь дзяцінства. Як ня зловіш, набяры мяне яшчэ раз. І перад сном абавязкова. Ты што замешваць будзеш?
– Эрэску спорт.
– І сабе, і Віце?
– Так. Можа, яму “плотку”. Пагляджу.
– Толькі “плотку”. Нават і ня думай яму “ляшча” мяшаць. Ці хай падалей адыдзе.
– Тут не адгадаеш, трэба паспрабаваць.
– Мама дала сто даляраў.
Марыя дала слухаўку Яну, і бацька сказаў яму колькі словаў. Сын быў не ў гуморы і не адказаў. Хлопцы неўзабаве вярнуліся і ўзяліся за намёт. Ставілі збольшага лаянкаю. Максім паліў на лаве, бо зьбіраўся спаць у машыне. Намёт быў чужы, дый піва яшчэ ня выйшла, і хлопцы ніяк не маглі даць рады. Малады бацька спусьціўся да вады.
Мясцовыя паставілі кружкі. Два чалавекі ў драўлянай, фарбаванай у зялёнае лодцы плылі на вёслах уверх, да пасёлка. На тым беразе палілі вогнішча. Краявід псавалі толькі высачэзныя, тонкія антэны, відаць, нейкай вайсковай радыёлякацыйнай часткі. Максім паглядзеў на іх яшчэ раз і падумаў, што яны стаяць тут так даўно, што нічога ўжо