У чым яго крыўда?. Гарэцкі Максім. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Гарэцкі Максім
Издательство: Public Domain
Серия:
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 0
isbn:
Скачать книгу
хто там ідзе, а хто там ідзе

      У агромністай такой грамадзе?

Янка Купала

      Лявон нікуды не хадзіў і цэлы дзень, скрозь цэлыя Каляды, сядзеў у хаце.

      А каб не выпусціць на волю злосці і не пасварыцца з хатнімі, абнізіўшы тым свой вучоны гонар, – ён цэлы час глядзеў у кніжкі. Такое там было і чытанне: больш таго зласлівага, але ж бясплоднага думання і наракання, бо ўсё наўкола не так, як яму хочацца.

      Але чакайце, не кажыце пакуль што: «Эх, Лявон, Лявон Задума! Махнеш ты, мусіць, на ўсё рукою, кінеш роднае балота і з'едзеш у чужы вясёлы край… Не ты ў нас гэткі першы, не ты ў нас гэткі і апошні». Не кажыце, бо трапілі ж яму да рук «Песні-жальбы» – Якуба Коласа і «Жалейка» – Янкі Купалы, а гэтыя-то кнігі многіх той парою зусім збілі з даўнага тору, а некаторых, прынамсі, звялі з яго на ўбочныя дарожкі і працягнулі іхнае блуканне на тых убочынах на значна большы час, як тое магло быць у перадгэтую эпоху.

      Дык пакуль што Лявон, як пэўны адраджэнец, ані мысліў нават пра тыя ўцёкі, толькі запёрся на ўсе Каляды ў бацькавай хаце.

      Хіба ж увечары, і то не ўсякі дзень, уздзеўшы на чорнае сваё паліто з жоўтымі гузікамі і зялёным кантам, а напрануўшы буры (і цяплейшы) бацькаў кажух ды ўзяўшы ў рукі качарэжку (бывае, на ўсякага сабаку), вылязаў ён гэткі на вуліцу. У такім убранні лепей яму хадзіць у Цёмналессі познаю парою, бо ніхто не ўбачыць яго вучонасці (а на яго вучнёўскае паліто сабакі надта брэшуць).

      І тут жа, ля свае хаты, стаяў нямала часу і паглядаў ува ўсе сумныя бакі. Глядзеў – і, пэўна, думаў: куды ж бы гэта пацягнуцца?

      Хоць і слабы загад з раздуманай галованькі, усё ж, нарэшце, зрушаў нагу і плёўся ён абы-куды: хоць да канца хат.

      Калі ж не бачыў ён на вуліцы ні чалавека, ні сабакі, калі не чуў нідзе нічога, а тут падобная ціша не дзіва, – дык пускаў адну нагу і другую пераступаць самохаць далей за край хат. І яны пераступалі, як той мужыцкі конь з калёсамі, на якіх ехаў-ехаў чалавек дый задрамаў ад невясёласці або заснуў ад лішняй кварты, пусціўшы коніка па яго добрай волі.

      Тым часам свежанькія, беленькія сняговыя завеі, на няўезджанай за хатамі дарозе, спынялі абутую ў не дужа лёгкі казённы бот нагу (вучыўся ён на скарбовы кошт, бо бацька толькі спачатку троху пасабляў). І вучань, можа б, зараз і прыстаў бы, каб вось ужо зімовая пустэльнасць засыпанага снегам поля не пацягнула яго змораных і кніжным друкам, і сядзеннем цэлы дзень у хаце воч яшчэ троху наперад, пад недалёчкі змёрзлы лес. І рух, наўздзіў самое волі, не спыняўся.

      Пустэльня, як заўсёды, цямнелася па-свойму гэтым вячэрнім часам ягоных пагулянак: цямнела яму ў вочы ціха і без дум. Яна не ведала, бо не чытала ў кнігах, што ёсць шырэйшы свет з вышэйшаю культураю. Яна быццам і ведаць не хацела шпаркасці жыцця і клопатаў далёкае адгэтуль цывілізацыі, зусім чужой і непатрэбнай дзеля пустыннага спакою. Пустэльня маўчала цяжка, сцюдзёна і безуважна. Маўчала так, каб і атручаны чужнінай сын яе забыўся тут, на родненькіх улоннях, на ўсё тое, што ўдзень казалі