Жыд. Дзёмка! Пытайся, якое.
Селянін. Смярдзюх, пайшоў ты вон! Я без цябе з гэтым панічком разгаваруся.
Жыд. Да ну ты, дурак! Пытайся, якое.
(Чорт прыглядваецца да іх.)
Селянін. Да ўжо ж папытаюся… Ох, ох, забыўся, прападзі ты! Эге, эге! Якое ты, панічок, казаў рэчы?
Чорт. Не вытрымаеш вось, каб на працягу адной гадзіны нічога не сказаць і не піснуць.
Жыд. Гэта праўда, што васпан-дабрадзей мувіс.
Селянін. Ідзі проч, смярдзюх! Я не выцерплю, калі табе ў морду [не] дам. А што маўчаць, без цябе патрафлю.
Чорт. Не здолееш!
Селянін. Аб заклад хадзі са мною.
Чорт. Добра. Аб які заклад?
Жыд (кажа ўбок). Дай бог Дзёмку выграць: то бы мне зараз за гарэлку заплаціў!
Селянін. Ты, вашэць, мне дасі сто рублей, калі я дацярплю!
Чорт. Добра, добра! Дам і дзвесце, і трыста.
Жыд (зноў убок). Ох, ох! Які ён будзець вялікі пан, калі губу засыець!
Селянін. Пад сумленнем толькі кажы ж, вашэць, што аддасі.
Чорт. Так і ёсць. Але калі ты не вытрымаеш, што будзе?
Селянін. Тагды я тваім буду падданым.
Чорт. Добра, добра.
Жыд. Дзёмка, скарэй перабівайце рукі!
Селянін. Дай жа ты, вашэць, на тым мне руку, што калі я дацярплю, грошы мне аддасі.
Чорт. Памятай жа, што будзеш маім падданым. (Дае селяніну руку.)
Селянін. Пане арандару, перабій, вашэць, нам рукі.
Жыд. Дай бог Дзёмку выйграць! (Тут жа перабівае ім рукі.)
Чорт. А чы ведаеш, хто я такі?
Селянін. Не ведаю.
(Жыд прыглядаецца.)
Чорт. Я – д’ябал! (І скідае з сябе плашч.)
Жыд (уцякае і, лямантуючы, крычыць). Гвалту! Гвалту!
(Селянін хоча уцякаць. Чорт трымае яго за рукі. Селянін трасецца.)
Чорт. Калі не вытрымаеш закладу, душу тваю вазьму ў пекла і ўжо без ніякага прабачэння. Памятай жа аб гэтым!
Селянін. Ах, ах! Да што тут мне рабіць? Да ўжо ж, пане д’ябле, датрымаю, датрымаю.
Чорт (адыходзячы, кажа). Глядзі ж!
Жыд (з парывам да Селяніна). Дзёмка! На табе іголку, засый губу сабе.
Сцэна 5-я
Селянін. Ну ж папаў жа я залажыцца!.. Ох, каб я ведаў, хто ён ёсць, не ашукаў бы тагды ён мяне! А цяпер і рады сабе даць не магу; што маю рабіць? Аднак заклад датрымаць трэба, бо з д’яблам жартаваць не патрафлю. Ашукаў жа ён мяне! Каб то можна было, адрокся б і закладу, ды ён не адступіць. Вот бяда. Не а цяжкую то, праўда, рэч тут ідзець. Маўчаць, здаецца, патрафлю. Гэта ж невялікая рэч – пераз гадзіну маўчаць. Я на пару пераз цалюхенькі дзень маўчу, калі ў полі раблю. Так мне няцяжка будзець закладу дадзяржаць. Да як жа ўжо дадзяржу, так буду мець сто рублей, а можа, і болей, як ён сам казаў. Тады ж я сабе статку накупляю; пану, што вінен, аддам і яшчэ на гарэлку, з малацьбы ідзя напіцца,