З тагачасных першакласных гаспадароў вялікую фартуну (маёмасць) меў толькі палкоўнік Тышкевіч. Іншыя ж, калі і не займаліся бязладным п'янствам са шляхтай, дык толькі таму, што ім была агіднай пошласць і гучная пампезнасць п'янак. Ксаверый Пуслоўскі рос у багацці і элегантнасці, першы ардынат9 Ян Тышкевіч, філантроп англійскага кшталту, шчодра адбудаваў свае Біржы і ператварыў там свае 1200 сялянскіх хат у англійскія фермы. Мой дзед Воўк трымаў 60 цугавых коней, уласны аркестр і дрэсіраваных мядзведзяў са Смаргонскай акадэміі, пазычаў дзесяткі тысяч рублёў пад мізэрны працэнт або раздаваў суседзям, якія яму ліслівілі і г. д. Але ўсяроўна, жаданне валодаць капіталам было «свінствам»: «Не па-рыцарску гэта, мой пане».
1863 г. і яго горкія наступствы неадкладна змянілі гэты менталітэт. Ужо каля 1880 г. добрае гаспадаранне і захаванне акцый ці застаўных лістоў Віленскага банка лічылася грамадзянскай цнотай. А паколькі «свіння», якая набыла маёнтак, не мела канкурэнтаў, то праз 5 гадоў нованабытая маёмасць акуплялася і куплялася новая і г. д.
Такім чынам на месцы вялізных магнацкіх абшараў і каралеўскіх дзяржаўных ці касцельных уладанняў, утварыўся новы патрыцыят, які геральдычна быў ранейшым, за выключэннем некалькіх сапраўдных выскачак, часткова яўрэяў, часткова сялян. Вельмi хутка, асаблiва дзякуючы шлюбам i аднолькаваму ладу жыцця, гэты слой зблізіўся з ранейшым, хоць пільнае вока дазволіла заўважыць у першых у параўнанні з другімі маленькія «мушкі ў носе», аднак пад канец ХІХ стагоддзя гэтую дэмаркацыйную лінію ўжо нялёгка было заўважыць. Яна бясследна знікне, калі абодва слаі пачнуць чысціць свае боты.
У такім асяроддзі як па бацькоўскай, гэтак і па матчынай лініі я нарадзіўся і вырас10.
Мяне мала цікавіць генеалогія, і я не буду, як нейкі інфляндзец11, весці генеалогію ад Адама, а задаволюся аповедамі бацькоў і хатнімі дзённікамі.
У сярэдзіне XVIII стагоддзя ў Слуцкім павеце жыў пан Дамінік Корвін-Мілеўскі гербу Сляпаўрон. […] Меў ён нядрэнны маёнтак і быў жанаты з Войнянкай12 якая паходзіла са знатнай на Наваградчыне сям'і. Але ён дазволіў заблытаць сябе нейкаму аферысту, за якога паручыўся, пасля чаго памёр ад згрызотаў, удава не дала сабе рады, і маёнтак заняпаў. Тады яна пасялілася ў Слуцку, і там маім дзедам Гіпалітам, які быў яшчэ падлеткам, апекаваўся вельмі заможны сваяк Юдыцкі (гэты род згас). Ён даў дзеду добрае выхаванне і пасля апошняга падзелу накіраваў на дзяржаўную службу, якая тады грунтавалася на выбары шляхты. Пасля буры 1812 г., як Ашмянскі суддзя, Гіпаліт набыў пад Смаргонямі па-езуіцкі маёнтак Цыцін з васьмідзесяці хат, глеба тут была вельмі добрай для пшаніцы. Маёнтак ушчэнт спалілі і зруйнавалі французы і казакі, і Гіпаліт набыў яго ў растэрміноўку з невялікай першай выплатай. Дзед заняўся