Праз некалькі тыдняў пасля вызвалення, позна ўвечары прыехаў мясцовы паліцыянт з загадам майму бацьку на працягу 24 гадзінаў заплаціць тысячу рублёў штрафу «за самавольную пабудову каталіцкага касцёла з праваслаўнага камення». Гаворка ішла пра вялікую і прыгожую капліцу, якую яшчэ перад паўстаннем мой тата пабудаваў у сваім спадчынным маёнтку ў Цыціне на магіле свайго бацькі, папярэдне прыбраўшы драўляную і гнілую, старую капліцу. Не прайшлі і 24 гадзіны, як бацька ўжо меў усе патрэбныя паперы з неабходнымі на той час дазволамі і што «праваслаўнымі камянямі» быў адзіны нагробак праваслаўнага селяніна, які знаходзіўся на лініі новага падмурку і з-за павагі да нябожчыка, яго ўмуравалі ў сцяну так, каб быў бачны надпіс. Паколькі бацька ўдала выкруціўся з аплаты адміністрацыйных выдаткаў за маёнтак Лугамовічы, які быў выключнай уласнасцю маёй неангажаванай маці, Мураўёў вырашыў: «Мілеўскі занадта разумны, нельга яму дараваць усе штрафы», – і загадаў, каб былі выплачаны ўсе грошы.
Адразу пасля прыезду я, поўны радасцю 16-ці гадовага сэрца, паляцеў да свайго сябра з 1862 г. «вахмістра польскіх войскаў» Лукашэвіча. Знайшоў яго ў той самай венгерцы, але парваныя аксельбанты былі заменены на форменныя гузікі, на галаве – шапка чыноўніка з зоркай і мундзір адміністрацыі дзяржаўных стайняў. Мой вялікі сябар, мой партнёр у хатніх пастаноўках, вітаючыся са мной, называў мяне ўжо не паручнікам, а Гіпалітам Аскаравічам, бо ў сваім манежы даваў урокі верхавой язды пану Азнабішыну, прызначанаму ўрадам маршалкам шляхты. Гэта было маё першае расчараванне ў шчырасці чалавечай душы, але далёка не апошняе.
На наступны дзень пасля выхаду з турмы мой бацька сустрэў ля Вострай брамы другога героя той памятнай сустрэчы ў Геранёнах, пана Вільгельма Пратасевіча. Ён таксама насіў шапку чыноўніка з зоркай, бацька агледзеўся, убачыў, што на вуліцы нікога няма ні справа, ні злева, і тады бязлітасна спытаў: «Пан Вільгельм! А дзе ж той белы кунтуш, той слуцкі пояс, тыя саф'янавыя боты і тая канфедэратка?». Заглоба збялеў, як швейцарскі сыр, і, не развітаўшыся, уцёк.
Першым клопатам вызваленага бацькі было, што рабіць з двума сынамі, якія толькі што скончылі гімназію, ды яшчэ і за мяжой? Майму брату было 19, а мне толькі што споўнілася 17, і на гэтым мая вучоба не магла скончыцца. Калі мяне спыталі, я сказаў бацьку, што (ён і сам так лічыў) трэба думаць пра ўласны кавалак хлеба ў будучыні, а паколькі ўсё паказвала на пачатак чыгуначна-тэхнічнай ліхаманкі ў Расіі, я прасіў яго неадкладна адправіць мяне да пана Кузіна, каб я мог коштам яшчэ аднаго ці максімум двух гадоў здаць на «бакалаўра» па матэматыцы і прыродазнаўстве і паступіць у Цэнтральную школу, тады ў 20 гадоў я адразу стану інжынерам. Бацька пагадзіўся, але не пагадзіўся Мураўёў. Калі генерал Патапаў, які ўзяў майго бацьку пад сваю абарону, папрасіў выдаць мне пашпарт, сатрап цвёрда адказаў: «Не, я не дам пашпарт ні яму, ні яго брату да 20 гадоў, вызначаных законам.