Аказалася, і я пачуў гэта праз шмат гадоў ад другога ўдзельніка гэтай маніфестацыі пана Антушовіча, тлум на Пагулянцы ўзбудзіла вестка… што з Коўні па шляху Напалеона ўжо ідзе французская армія, якую ў Вержбалове высадзіў англійскі флот!38 Натуральна, у гэтых маніфестацыях удзельнічалі і нашы абавязковыя «аніматаркі» падобных выбрыкаў, то бок мілыя пані і паненкі. На чале іх у Вільні таго часу стаяла пані Александрына Лубанская з Сулістроўскіх, якая паўсюль лётала, нібы матылёк, паўтараючы: «Il faut chauffer, il faut chauffer» («Трэба падвышаць напал, трэба падвышаць напал», фр. – Л. Л.) і чароўная пані Ізя Тышкевічава з Вакі, якая спецыялізавалася на вытанчаных нахабствах у адносінах да генерал-губернатара Назімава, а таксама сімпатычная і мілая панна Валіцкая, якая на Пагулянцы падчас гэтага паходу на Коўню, добра атрымала нагайкай па плячах ад казака, але праз два гады адпомсціла Маскве тым, што выйшла замуж за праваслаўнага пана Міхала Камара39.
Аповед маладога Шалевіча пакінуў у маіх бацькоў вельмі дрэннае ўражанне. Бацька ўжо прадбачыў, да чаго прывядзе гэтае вар'яцтва. З ім пагаджалася і маці, яна хоць і была вельмі рэлігійнай і патрыятычна ўзнёслай, але з-за стану здароўя вяла эгацэнтрычны лад жыцця і была схільная заставацца над падзеямі. Калі бацька цвёрда вырашыў, што ні ён, ні хто з яго сям'і не будзе ўдзельнічаць у гэтых дзіцячых і небяспечных маніфестацыях, маці без пратэсту падпарадкавалася ў такой важнай справе рашэнню галавы сям'і і была, бадай, адзінай жанчынай, якая да канца не насіла жалобы40. Яна заўсёды надзявала рознакаляровыя ўпрыгожванні на сябе і сваіх траіх дзяцей. Гэта, канешне, не адмяняла болю ад страт, якія, як я пакажу пазней, нам было наканавана пацярпець ад маскоўскага ўраду, у той час, калі многія з дэманстрантаў і падпальшчыкаў неяк шчасліва пахаваліся.
Шмат што адрознівае мяне ад поглядаў і метадаў дзеяння пана Рамана Дмоўскага41, аднак, усё ж я горача абняў бы яго, бо ў сваёй апошняй кнізе «Як адбудоўвалася Польшча» ён, бадай, першы з нашых палітычных карыфеяў меў шчырасць і смеласць выказаць думку, што ўсе нашы паўстанні выбухнулі нясвоечасова і нам трэбы казаць не пра заслугі іх правадыроў, а пра цяжкія грахі перад Бацькаўшчынай. Як потым у Вільні казаў Падарэўскі42, нельга хадзіць з паходняй каля сямейнай страхі, той, хто так робіць, калі ён нават і выпадкова падпаліць