«Кубань» ізноў страсянула; вадзіла, імпэтна круцячы руль, выгукнуў: – Йоп! – і, абмінуўшы калдабан, зь вясёлым дакорам зазначыў: – Пяюх і на шашы поўна. А мы ў Бычкі плішчымся. Каб не разваліцца па дарозе.
Нінэль Іванаўна ўдыхнула паветра, каб паведаміць, што бычкоўскія дзеўкі – самыя галасістыя ў раёне, ды закашлялася ад едкага пылу, якім – цягам хвіліны – напоўніўся салён. Керхануўшы, яна сплюнула неўпрыкмет густую сьліну, і нерухомымі вачыма стала глядзець на прыдарожныя кусты, што плылі за вокнамі.
У Бычках, на парозе мясцовага клюбу, іх сустракаў людзкі гурт: пяць дзяўчат, пару хлопцаў на матацыклах ды чатыры бабулі з клункамі.
– А дзе Люся? – запыталася Нінэль Іванаўна, калі дзяўчыны, адна за адной, сталі ўбягаць у салён.
– Радоўку адбывае, – гамузам адказалі дзяўчыны, і Нінэль Іванаўна, ня надта зразумеўшы – што там адбывае Люся, чарговым разам уздыхнула.
– Шафёр! Вазьміце да Гарадка! Аўтобуса не было, – загаласілі знадворку бабулі.
Вадзіла махнуў рукой, бабулі сьпехам палезьлі ў аўтобус; шэры гусак, які цягнуў шыю з лазовай кашолкі, вітаў усіх рыпучым крыкам, і Рэм Ісаевіч, які спаў, прытуліўшы голаў да шыбы, няўцямна мацюкнуўся спрасонку.
Дарога пасьля Бычкоў зусім сапсавалася. «Кубань» матляла ўбокі, трэсла на калдобінах, а на адным з паваротаў так страсянула, што сонны артыст пабіў сабе лабаціну, стукнуўшыся аб жалезную білу.
Усе, хто быў у аўтобусе, разам суціхлі – нават гусак пакінуў гергетаць, і Нінэль Іванаўна вырашыла ўзбадзёрыць публіку.
– Ну-ка, дзяўчаты, паўторым рэпэртуар, – Нінэль Іванаўна падняла рукі. – «Радость и беда» – пачынаем з прыпеву…
– «Радам, радам радасть и бида-а; нада, нада чоткий дать атвет…» – грымнулі бычкоўскія пяюхі і Нінэль Іванаўна абурана ляснула ў далоні.
– Дзяўчынкі, колькі можна паўтараць… Ня «радам», а «рядом»… Ну, хорам: ріа-дом…
Бабулі, што сядзелі на заднім сядзеньні, улякнута залыпалі вачамі – падумалі, што гэта іх таксама тычыцца – і разам зь дзяўчынамі выдыхнулі: – Рі-адом.
– Рэм Ісаевіч, дапамагайце, – з адчаем крыкнула Нінэль Іванаўна, убачыўшы, што на Бузілавым лабешніку наліваецца чырваньню вялікі гузак.
– Выпьем, ей-богу, ещё-о… – загарлаў, дзеля прачысткі глоткі, сьпявак, і голас ягоны, упоравень з трасянінай, азваўся перарывістым: – О-о-о-о! Загарлаў Рэм Ісаевіч на ўсю моц сваіх артыстычных лёгкіх, таму вадзіла крутнуў руль ня ў той бок, гусак спалохана крэкнуў, а адна з бабуляў, наваліўшыся на сяброўку, таропка перахрысьцілася.
За абабітымі дэрматынавым матрасам дзьвярыма, мяркуючы па ўсім, таўклася процьма народу. Дзьверы зь нясьмелым рыпам падаліся і ў пройме паўстала цыбатая, дарэшты заюшаная кабета.
– Што, з Азярышча? – запыталася цыба, пацямнеўшы з