і бескампрамісным. Бацька ненавідзеў паноў, не разумеў, чаму мусіў рабіць на іх, тым больш паважаць, калі тыя палец аб палец не ўдарылі за ўсё жыццё нават у прыбіральні. Таму з вялікім энтузіазмам акунуўся ў рэвалюцыйную барацьбу яшчэ ў падлеткавым узросце, прымаў удзел у падзеях 1907 года, якія скаланулі акругу і колішні Елісаветград, пакуль той не стаў Кіраваградам, уступіў у сацыял-дэмакратычную партыю і пасядзеў некалькі гадоў у Елісаветградскай турме. Падчас Першай сусветнай вайны апынуўся на фронце ў сапёрнай роце, дзе жыццё штосекундна вісела на валаску без перабольшванняў і прыгожых метафар. Нейкім цудам не трапіў пад газавую атаку немцаў. Узвод, у якім ён служыў, накіравалі ў тыл на адпачынак пасля ўдала выкананага задання. Па першым часе бацька верыў у неабходнасць вайны да пераможнага канца, нягледзячы на ўсю сваю рэвалюцыйна заточаную душу, бо не хацеў бачыць чужынцаў на зямлі продкаў, нават бязглуздую і дзікую гібель паплечнікаў апраўдваў неабходнымі стратамі, якія суправаджаюць кожную вайну без выключэння. А потым цар адрокся. Але адрокся ён не толькі ад прэстола. Маладушным учынкам гэтым ён адрокся ад усяго народа агулам, пакінуў яго сам-насам з вайной і ворагам. Не так павінна было адбыцца яго адрачэнне. Бацька думаў неаднойчы, уяўляў, як рэвалюцыя пераможа, але пасля вайны, калі знешні вораг будзе разбіты ўшчэнт, каб не перашкаджаў і не лез туды, куды яго ніхто не клікаў. Цар здрадзіў кожнаму чалавеку, асабліва тым, хто ваяваў на франтах. Развязаў вайну і – у кусты, як апошні баягуз, якім ён і быў па натуры сваёй. Афіцэры ж ад навіны пра адрачэнне цара звярэлі, але злосць спаганялі не на ворагу, а на падначаленых ім салдатах. Несправядлівасць дратавала бацьку, ад думак пра яе закіпалі мазгі і варыліся ў галаве, як яйкі ўсмятку. Тым часам актывізавалася бальшавіцкая агітацыя ў акопах і на перадавой. Бальшавікі прызывалі забіваць афіцэраў, адбіраць у іх зброю, кідаць стары фронт і ствараць новы, накіраваны супраць прыгнятальнікаў, аб’яўлялі адкрытую класавую барацьбу і клікалі на яе барыкады. Ва ўсіх палках адбываліся масавыя дэзерцірствы. Камандзір роты адпусціў усіх сапёраў па хатах. Тыя ў падзяку замалацілі яго сапёрнымі рыдлёўкамі. Бацька не ўдзельнічаў у тым забойстве, але і не перашкодзіў яму, раўнадушна сузіраў. А ў галаве круцілася пытанне: што рабіць далей? Зрэшты, трэба было браць будучую маці Беркута, з якой бацька добра паразумеўся якраз, – санітарку Чырвонага Крыжа, прыкамандзіраваную да іх роты, і прабірацца дадому. Нічога добрага іх не чакала ў часці. Афіцэры групаваліся ў асобныя падраздзяленні і давалі адлуп салдатам, не шкадуючы нікога. Салдаты таксама афіцэраў не шкадавалі. Бацька зразумеў, што вайна, якуя вялі з немцамі, – кветачкі, а ягадкі яшчэ наперадзе.
Маці Беркута ўчапілася за бацьку, як тапелец за саломінку, бо сапраўды вакол рабілася нешта страшнае, і тое страхоцце вельмі палохала яе. Але яна і кахала бацьку.
Ды дома іх чакала яшчэ горшае