Цені Дзікага палявання. Алесь Кожедуб. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Алесь Кожедуб
Издательство: Аверсэв
Серия: Сучасная беларуская лiтаратура
Жанр произведения:
Год издания: 2024
isbn: 978-985-19-7652-8
Скачать книгу
Зямля пад ім ляжала багатая, прыгожая, расквечаная агнямі – а колеры вогнішчаў былі самыя розныя, ад жоўта-чырвоных да зялёна-сініх, – і мякка-густое паветра трымала яго, гушкала, – гэта была ягоная хвіліна, вельмі рэдкая, аднак тым і найдаражэйшая, таму што якраз вось у гэтую хвіліну адкрывалася яму ягоная сутнасць. Ён жыў, пакуль жыла гэта зямля з лясамі і рэкамі, пакуль раз у год завалодваў светам Купала, пакуль нізка нахіляўся да зямлі месяц – і рабіў цуды. Так, якраз у гэтую ноч месяц запальваў чароўным агнём душы камянёў – і яны гарэлі не згаралі ўжо вечна, і людзі, адгадваючы ў тых камянях чароўную моц, падбіралі іх і трымалі каля сябе, аднекуль ведаючы, што камень, запалены месяцам, дапамагае і ахоўвае. Лесавік таксама любіў гэтыя камяні, ён ведаў, дзе які хаваецца, і ў асобныя хвіліны прыходзіў да іх, глядзеў. Ён умеў зрабіць так, што камень выходзіў, выціскаўся да сонечнага ці месячнага святла са свайго сховішча, і промні, сутыкнуўшыся з каменем, раптоўна рассыпаліся, успыхвалі, камень як бы адкрываўся – і адарвацца ад яго было ўжо цяжка. У халодным бляску дыямента бачылася купальская ноч, у якую ён быў запалены, бачыліся каралі надрэчных вогнішчаў, хісткія цені людзей вакол іх, вянкі на чорнай вадзе, бачыўся водбліск папараць-кветкі, слабенькі водбліск, які працінаў да глыбіні душы. Лесавік ведаў, што некаторыя людзі, аднойчы глянуўшы на купальскі камень, ужо ні на што іншае глядзець не хацелі – і хутка гінулі. Камяні выходзілі з зямлі, лесавік углядаўся ў іх – і святлеў, увесь святлеў, быў ён у тыя мінуты не такі, як заўсёды. Перад яго вачыма перабылі ўсе самыя галоўныя камяні: сарданікс, тапаз, карбункул; смарагд, сапфір, алмаз; лігур, агат, аметыст; берыл, онікс і яспіс. Ён ведаў іх, назвы гэтых камянёў ішлі з такой далёкай мінуўшчыны, пра якую і падумаць цяжка, не тое што ўявіць. Гэта першыя свяшчэнныя камяні. Сонечнае святло, трапіўшы ў алмаз, адразу рабілася фіялетавым, далей – сінім, зялёным, жоўтым, аранжавым і выходзіла ўжо чырвоным. Камень жыў колерамі, дыхаў імі, гуляў. Сапфіры былі празрыстай сінечаю, нагадвалі яны пра нябёсы і моры і клікалі ў сваю глыбіню, не адпускалі. У смарагдах хавалася ўся зеляніна лясоў, ад кволай веснавой да купальскай, можна было ўбачыць у іх лугавыя травы і паўтоны кустоў, камяні пераліваліся адценнямі лесу, зачароўвалі, і не было больш прывабных для вока камянёў. Чырвоныя рубіны, тапазы ад блякла-жоўтых да вішнёва-карычневых тонаў, гранаты, да якіх далучаліся чырвоныя піропы і малінавыя альмандзіны, ружовыя і індыгава-сінія турмаліны, пяшчотна-зялёныя хрызаліты, розна-блакітныя цырконы, няўлоўныя александрыты, дымчатыя кварцы – кашэчыя вочы… Ва ўсіх гэтых камянях лесавіку бачыўся невядомы свет – і ён глядзеў, стараўся ў яго зазірнуць. А купальскія камяні, нарадзіўшыся, адразу хаваліся ў зямлю, глыбока ў яе ўваходзілі, знайсці іх шанцавала вельмі рэдкаму чалавеку. Чалавеку з чыстай душой – пра гэта лесавік таксама ведаў. А камяні, прапусціўшы праз сябе ці дзённае, ці начное святло, яшчэ некаторы час мігцелі, праменілі ў сваіх сховішчах, іх лесавік