– Мы прыйшлі.
Двор, куды яны заварочвалі, быў цёмны, змрочны.
– Жыццё… Дзіўна, многае забываецца, – казаў ён, – а вось гэты будынак я добра запомніў, яшчэ ў дзяцінстве, не думаючы, што буду запрошаны сюды на каву. Можа, таму што на ім гадзіннік? Я ж сам мінчанін. Кватэра ў Зялёным Лузе. А жыву ў вёсцы… А вы тут, пад гадзіннікам. Цік-так, цік-так… Не цікае?
«Яшчэ як цікае! – хацелася адказаць ёй. – Трыццаць пяць націкала. – Але маўчала. Думала: – Кватэра ў Зялёным Лузе. Мінчанін. Жыве ў вёсцы. Можа, хворых бацькоў даглядае? Можа, так… На дачы! А работа? Дзе ж ён працуе? Доктар? Настаўнік? Не падобна!»
Моцна грукнулі дзверы.
– От д’ябал, не прытрымаў!
Ён узяў яе за локаць, горача задыхаў у патыліцу.
– Чаго ж цёмна?! Пад’езд без гаспадара…
Боты ягоныя цяжка тупалі. На хвіліну з’явілася нерашучасць. Ці добра яна робіць, што вядзе яго? Зрэшты, кавы мог бы выпіць і дома, калі мінчанін. Навошта напрасіўся да яе? Вось і дзверы. Вочы прызвычаіліся да цемры, хутка адамкнула замок і ўвайшла ў кватэру. Уключыла святло, сказала, каб здымаў куртку. Успомніла пра свой хатні халацік:
– Даруйце, вы госць неспадзяваны…
Ён толькі пасміхаўся. Сцягнуў кепку, моўчкі зняў куртку. Яна адзначыла, што ў яго прыгожыя вочы і валасы.
– Боты сцягну, не супраць? – нарэшце адазваўся ён.
Згодна кіўнула. Каб не замінаць яму ў цесным пярэднім пакоі, пайшла на кухню. Кубачкі! Хутчэй трэба памыць кубачкі і кававарку! Пачала мыць. Чула, як ён прайшоў у пакой. Затрымаўся хвіліну. Ідзе да яе…
– Адразу за каву? – Пасміхнуўся: – Аб’яву ў газету яшчэ не давалі?
– Якую аб’яву? – яна не зразумела.
– Звычайную. Маладая жанчына прывабнай знешнасці хоча знайсці партнёра па жыцці, мае сваю кватэру.
– У вас і жарты!
Задумалася. Хм-м… Толькі ўчора думала яна пра гэтую аб’яву. Стрымлівала адно: няма вышэйшай адукацыі, прэстыжнай працы, а гэта, як казала сяброўка, для сучасных мужчын таксама іграе не апошнюю ролю. Калі прагматызм, дык ва ўсім… Прывабнай знешнасці і кватэры мала, проста «касірка ў ашчаднай касе» не гучыць! Дыплом як фасад…
– А вы што, цікавіліся аб’явамі ў газеце? – Паглядзела на яго.
– Ды не. – Ён абапёрся на вушак. – Неяк аднойчы натрапіў. Жанчыны – дзіўны народ: усе як адна пішуць: «Маю прывабную знешнасць». А тут трэба зацікавіць. Нешта зусім нязвыклае… Скажам, гатую толькі адну страву – вельмі смачную качку з яблыкамі – альбо: вяжу цудоўныя каптурыкі для нованароджаных…
– Качкі з яблыкамі ў мяне