Дзед Алесь расказаў Ягорку, што раней ласёў было ў лясах намнога болей. І што ў народзе клапатлівую маму-ласіху называюць лошай. У гонар гэтых звяроў і рака на Беларусі называецца Лошай, яна вялікі прыток Нёмана.
І зноў Ягоркава куртачка замільгала між дрэў, бо прыгажуні ваўнянкі самі прасіліся ў вядзерца.
Жыў у дзеда заяц
У Ягоркавага дзеда Алеся была ў жыцці прыгода з зайцам. Жыў у дзеда ў хаце самы сапраўдны заяц-шарак. Дзед Алесь злавіў яго ў самым канцы жніва. Кінуўся зайчык уцякаць, заблытаўся ў аўсе, і дзед накінуў на яго пінжачок. Папішчаў, папішчаў, паплакаў зайчык ды і суцішыўся ў дзеда за пазухай. Не выпускаць жа яго ў халодныя жнівеньскія росы. Ды і ўнукам пацеха будзе.
І сапраўды, дзецям было і клопату, і забавы. І кармілі зайчыка, і спаць клалі, і гулялі з ім. Зайчык хутка прыручыўся, асвоіўся жыць з людзьмі. Ужо і падрослы, калі яго ўмудраліся злавіць за вушы і пасадзіць на калені, то сядзеў, слухаў, як яго гладзяць, – зусім коцік.
Назвалі зайчыка без лішніх выдумак Шарачком. Сваю пасцель, па-заячаму лёжку, ведаў. Дзеці наслалі яму анучак пад ложкам, саломкі, там у куце ён мог і схавацца, і адпачыць. І туалет сам сабе здагадаўся знайсці. У качаргешніку пры веніку свае шарыкі пакідаў, не разносіў іх па хаце.
Капусных лісцікаў, буракоў, морквы Шарачку хапала. І на пачатак зімы ён вырас у даволі ладнага зайчыка, якога ўжо, як коціка, на калені не пасадзіш. На зіму ў пушыстую шубу ўбраўся і стаў намнога прыгажэйшым. Але дзяцей, як і раней, сустракаў у парозе, выпісваў вакол кругі, танцаваў ад радасці. Тым і моркаўку зарабляў, хаця бабуля Ганна дабрадушна пакрыквала на ўнукаў, што гэты бальшун да вясны адзін усю назапашаную моркву з’есць.
Але не толькі пышная шэрсць вырасла на Шарачку. Раслі і зубы, работы прасілі. Аднойчы дзед Алесь агледзеўся, што за ноч ад новага бярозавага веніка застаўся толькі дзяркач. Аб’еў, абцыкляваў яго за ноч шарак. Атрымаў за гэта лупцоўку, але лупцоўкай справу не вырашыш. Пачухаў дзед патыліцу. Малы заяц – малыя клопаты. Вялікі заяц – большыя клопаты. Са звяркамі як з дзецьмі. Прыручыў звярка, чалавеча, – адказвай за яго. Цяпер душа звяркова на тваім сумленні.
Прыдумаў дзед Алесь выйсце: пачаў прыносіць зайцу бярэмца асінавых галінак. Таму яму на ноч і была работа. Заяц сваімі вострымі зубамі-разцамі не толькі абгрызаў галінкі, але і рэзаў іх на кавалачкі, як брытваю. Нават дарослыя дзівіліся, што ў зайца такія вострыя зубы.
Прыйшла зіма, заяц вырас, і яго ўжо не Шарачком, а Шараком клікаць пачалі.
Зімою мароз наглуха замуроўваў сваімі роспісамі шыбы на вокнах, у якія доўгімі начамі свяціла белая поўня. Прачнуўся неяк дзед Алесь ад дзіўнага гуку. Звычайна Шарак ноччу ціха гуляў па хаце, нікога не будзіў. А тут бачыць дзед, што заяц на задніх лапах на лаве стаіць, у акно глядзіць, туды, дзе мароз, дзе холадна, дзе снег у палях. І лапамі злёгку па шкле пастуквае, быццам просіцца туды, дзе снежна і месячна.
Пачуў, мабыць, Шарак, што дзед варухнуўся, скочыў долу