Узяў куртку (выцягнуў з-пад матраца), з-пад падушкі выцягнуў кепку, пакінутую Янкам Лайковым, на ўсялякі выпадак прыхапіў і яе. Сказаў суседу па палаце – вахцёру з Купалаўскага тэатра, – што пайду праветруся (таксама на ўсялякі выпадак). Спусціўся ўніз, падышоў да кніжнага латка. Якудза быў на месцы.
– Паслухайце, – адразу звярнуўся да яго, працягваючы «Альтыста Данілава» як уліку, – вы памятаеце, хто купіў у вас гэтую кнігу?
– З ёю нешта не так? – занепакоена запытаў той, але не спяшаўся браць кнігу з маіх рук.
– Ды не, усё з кнігай так, – супакоіў я яго.
– Тады што, не разумею? – ветліва ўсміхаўся якудза.
– Вы памятаеце, хто яе купляў? – настойліва запытаў я.
– Вядома, – адказаў якудза.
– І хто? – нецярпліва перамінаўся я з нагі на нагу, нібы хацеў да ветру.
– Вы, – агаломшыў мяне адказам.
– У сэнсе я? – разгубіўся я і паплыў бы плаўлены сырок па патэльні.
– З вамі, праўда, была дзяўчына, – хутка дадаў ён. – Вы былі ўдвох з ёю. Яна купіла кнігу для вас, – працягваў якудза. – Вельмі прыгожая дзяўчына. Праўда, дзіўная. Поўная таямніц і загадак.
– Я дакладна быў не адзін, а з ёю? – ухапіўся за словы якудзы я, бы за саломінку тапелец.
– Так, – пацвердзіў якудза.
– Дзякую вам бязмежна, вы толькі што вярнулі чалавека да жыцця! – ледзь не палез я да якудзы з абдымкамі.
– Звяртайцеся, – ветліва ўсміхнуўся ён мне. – Заўжды рады дапамагчы.
Я выбег пад дождж, бы агонь, які патрабавалася пагасіць, ахоплены ўнутраным пажарам. Усё ж не звар’яцеў і ляжу не ў вар’ятні. А гэта значыць, што Насця сапраўды тэлефанавала ўначы і мы размаўлялі з ёй. Гэта значыць, што Насця – рэальны чалавек, а не вобраз, прыдуманы мной пад уздзеяннем атрыманай траўмы.
Кроплі дажджу намагаліся, рыхтык кулі, патрапіць у мой твар, які сядзеў, нібы ў доце, пад кепкай, чый брыль надзейна абараняў ад знешняга ўмяшальніцтва. Дождж злаваў, што не выходзіла па ягонаму, але ўзмацніць сябе,