Выкарыстаўшы мірныя часы, Усяслаў узводзіць храм Сьвятой Сафіі, каб аддаць пашану Богу і паказаць роўнасьць Полацку з Ноўгарадам і Кіевам. На малюнку канвэрта паказаны выгляд Сафіі ў тыя часы.
У Полацкай Сафii, пабудаванай у 1044 – 1066, увасобленая моц i ўплывовасьць Полацкага княства. Сабор Сьвятой Сафіі быў галоўным грамадзкім будынкам у горадзе. Шмат разоў перабудоўваўся i дайшоў да нас у выглядзе, набытым у ХVІІІ стагодзьдзі.
Усяслаў Чарадзей. Марачны канвэрт, выдадзены поштай Беларусі ў 2001
На паштовым блёку Рэспублікі Беларусь на левай марцы адлюстраваны сучасны выгляд Полацкай Сафіі. На полі блёку зьлева выгляд Полацкай Сафіі ў часы Усяслава Чарадзея; каменны абразок 12 стагодзьдзя з Сьвятымі Канстанцінам і Аленай, знойдзены археолягамі ў Полацку; плян Полацкай Сафіі.
Архітэктура Беларусі. Праваслаўныя храмы. У абарачэньні з 22 лютага 2012
Белпошта зьдзейсьніла некалькі выданьняў паштовых марак з выяваю Полацкай Сафіі. У тым ліку маляўнічы блёк, выдадзены ў 2016.
Сафійскі Сабор у Полацку. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2016
У 1065 мірнае жыцьцё закончылася. Князь з дружынаю зьдзейсьніў паходы на Пскоў і Ноўгарад, вёў шматлікія бітвы з Кіеўскім княствам. 3 сакавіка 1067 адбылася Бітва на Нямізе, адна з самых крывавых у нашай старажытнасьці. З гэтым зьвязана першае ўпамінаньне пра Менск, як пра горад Полацкага княства. Летапісны збор «Русь» і «Аповесьць мінулых гадоў» апавядаюць пра разгром горада падчас ваеннага паходу трох Кіеўскіх князёў Яраславічаў на землі Полацкага князя Усяслава і пра Бітву на рацэ Нямізе паміж Кіеўскімі і Полацкімі дружынамі.
3 сакавіка 2017 года Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла ў абарачэньне паштовы блёк «950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску». У аснове маркі – мініяцюра Радзівілаўскага летапісу «Бітва на рацэ Нямізе». У аснове спэцштэмпэля – пячатка першага Менскага князя Глеба Усяславіча.
Нямігская бітва глыбока ўразіла не толькі сваіх суайчыньнікаў. Рэха яе праз 120 гадоў адбілася ў «Слове пра паход Ігараў» вобразам жудаснай крывавай малацьбы:
«На Нямізе голавы сьцелюць снапамі,
харалужнымі малоцяць цапамі,
жыцьцё кладуць на таку зьлюцела,
веюць галаву ад цела.
Нямігі крывавыя берагі
не збожжам былі засеяны зноў —
засеяны косьцьмі рускіх сыноў» (Пераклад Рыгора Барадуліна).
950 гадоў з часу першага пісьмовага ўпамінаньня Менску. Блёк пошты Беларусі, выдадзены ў 2017
Ілюстрацыяй да радкоў з «Слова пра паход Ігараў» добра адпавядае карціна Міхася Філіповіча «Бітва на Нямізе».
Бітва на Нямізе (1922). Міхась Філіповіч (1920—29). Нацыянальны мастацкі