Хлопча паклацаў выключальнікам, але па-ранейшаму было цёмна.
– Падобна, лямпачка перагарэла.
Янка, нядоўга разважаючы, ступіў у пакой. Не паспеў ён зрабіць і некалькі крокаў, як яго пацягнула назад сястра.
– Што? – спытаўся ён.
У адказ дзяўчына толькі кіўнула галавой, паказваючы на падлогу. Брат павярнуўся і ўбачыў у месячным святле, як на падлозе блішчаць аскепкі дробнага шкла.
– Мяркую, гэта і ёсць лямпачка, – выказаў здагадку Янка. – Тое, што ад яе засталося.
– Відаць, так.
– Лепш я вазьму ліхтарык. Не хачу параніцца.
Звычайна ён ляжаў каля ўваходу ў хату. Янка падумаў адразу там жа ўзяць і новую лямпачку, але скрынка была пустая. Хлопец расчаравана схапіў толькі ліхтарык і накіраваўся назад да каморы. Пабачыўшы, што ў свяцільні застаўся пусты патрон, ён здагадаўся:
– Дзеда, відаць, спяшаўся да крамы па лямпачкі. А ў паспеху ізноў забыўся зачыніць дзверы.
– Хутчэй за ўсё. Мяне толькі турбуе, ці бачыў ён гэта, – кіўнула сястра на люстэрка.
– Мяркую, што не. Інакш бы ён быў усхваляваны. Як я зараз. Бо баюся, што праход… – брат нервова каўтнуў паветра, – ізноў адкрыты.
– Як гэта?
– Вось і я б хацеў пра гэта даведацца.
Брат з сястрой падышлі да люстэрка і паглядзелі на яго.
– О, не… – прамовілі яны разам.
Як яны і лякаліся, адлюстравання ніякага не было. Замест гэтага дзеці бачылі ў ім толькі змрочную пустэчу, праз якую прабівалася здалёку ледзь заўважнае святло. Янка насцярожана пасвяціў унутры.
– Так і ёсць! Гэта той самы праход, – прамовіў хлопец.
– Але як такое магло здарыцца? Не мог жа ён сам адкрыцца? Ты ж яго тады дакладна зачыніў.
Брат зірнуў ніжэй і перавёў ліхтарык на вечка куфра.
– Баюся, я здагадваюся, што тут адбылося.
На куфры ляжаў чароўны кулончык на вяровачцы, які прызначаўся Мілане.
– Вой! – усклікнула яна і тут жа падхапіла яго. – Няўжо ён самы? Мой любімы, – і яе твар ахінула прыемнай усмешкай.
– Ды гэта яшчэ не ўсё, – загадкава прамовіў брат, пасвяціўшы ўгару.
Дзяўчына падняла галаву і разгублена прамовіла:
– Як гэта?
Крыжык і падкова знаходзіліся на сваіх месцах. Хаця больш правільна было сказаць – не на сваіх. Яны павінны былі ляжаць у куфры пад надзейным замком, а цяпер былі ў гербе над рамай.
– Няўжо дзеда пра ўсё даведаўся? – спалохана прамовіла Мілана.
– Спадзяюся, што святло згасла раней, чым ён мог гэта пабачыць.
– Цудоўна, калі так. Але ж трэба нешта з гэтым рабіць. Можа, зачыніць яго, пакуль не позна?
У гэты момант вужык ізноў паспрабаваў узлезці на куфар, але і гэтым разам безвынікова. Тады ён засыкаў, быццам звяртаючыся да людзей.
– Мяркую, ён просіць аб дапамозе, – здагадалася Мілана і нахілілася.
Яна ўзяла змяю на рукі, а тая і не супраціўлялася. Але потым пачала выгінацца і рыўкамі быццам спрабавала