Успамінаў хопіць не на адно жыццё. Шкада толькі, што падзяліцца няма з кім. Гэта ж сакрэт, вялікая тайна… пра таямнічае каралеўства.
Вярнуўшыся пасля бурных і яркіх падзей дадому, дзеці ледзь сябе не выдалі. Янка ўласна зачыніў праход у чароўнае каралеўства Сварга і нават паклаў на месца дзедавы падарункі – крыж з падковай, ад аправы люстэрка і загадкавы кулончык, з дапамогай якога ў Міланы атрымалася выклікаць Цмока, што выратаваў іх падчас вырашальнай бітвы. Аднак хлопчык забыўся замкнуць куфар на замок.
Вох, раззлаваўся ж тады дзядуля, які заўсёды вельмі любіў парадак і трымаў кожную рэч на сваім месцы, даведаўшыся, што дзеці ўзялі тыя загадкавыя прадметы без яго ведама. Але гневаўся нядоўга – ён моцна любіў сваіх унукаў, да таго ж яны адразу ва ўсім прызналіся. Праўда, не да канца. Сказалі, што вельмі карцела паглядзець на абяцаныя падарункі, і, убачыўшы адчыненыя дзверы, яны папросту не ўтрымаліся.
Ну што ты будзеш рабіць з любімымі ўнукамі? Старога гэта нават рассмяшыла. Тым не менш ён вельмі сур’ёзна выказаў, што такога рабіць не варта было. Няма дазволу, значыцца, няма. Дзед ніколі на іх не крычаў, толькі сур’ёзным голасам тлумачыў, што добра, а чаго рабіць не годна. Менавіта пасля такіх размоў дзеці адразу пачувалі сябе больш дарослымі і адказнымі, чыніць нешта неналежнае ім больш не хацелася.
Так камора была надзейна зачыненая, а крыжык, падкова і ўпрыгожванне схаваны ў куфар, хоць гэтыя рэчы дзеці вельмі палюбілі. Ад кулончыка Мілана была ў захапленні, ён здаваўся прыгожым і незвычайным. У яе сябровак дакладна такога не было.
Брату і сястры засталося чакаць канца вакацый, і дзед мусіў аддаць тыя рэчы. Але сумаваць па іх не было часу – падлеткі атрымлівалі асалоду ад летняга адпачынку ў любімай вёсцы. Мяркуйце самі: непадалёк ад хаты лес, за плотам гарода рэчка, адразу за якой распасцёрся поплаў, – хоць пейзаж малюй, бы маленькая Швейцарыя, а мо і прыгажэй.
Ні Янка, ні Мілана ніколі не бывалі ў той далёкай Швейцарыі. Але яны былі ўпэўненыя, што толькі ў іх вёсцы буслы клякочуць, нібыта вясёлыя музыкі з душою граюць на клякотках. Раніцай прыгожа спяваюць птушкі, раскрываючы ўсю сакавітасць сваіх галасоў у ранішніх пошчаках. Нават артысты з кансерваторыі імі заслухаліся б. Певень на плыце зранку заходзіцца, і, здаецца, сонейка выглядае толькі затым, каб паслухаць ды палюбавацца маляўнічай постаццю спевака. А якія яблыкі на гародзе растуць, каб вы толькі бачылі… Сакавітыя, толькі скаштуеш – аж унутры ўсё напаўняецца асвяжальна-салодкім сокам.
Непадалёк ад хаты, на дзялцы (зямельным участку), стаяў калодзеж з празрыстай, як сляза, і сцюдзёнай, як ляднік, вадой. У любога падарожніка ці госця, якому пашэнціла трапіць сюды ў спякотны сонечны дзень, папіць сцюдзёнай вады з калодзежа будзе адным з самых яскравых успамінаў. А калі ён да таго ж і абальецца вадой з вядра – дакладна не забудзецца на такое.
Вада была і ў доме, падавалася помпай ад калодзежа. Але ж набраць яе, зачэрпнуўшы вядром з цёмнай глыбіні студні і падымаючы на звінючым ланцугу, круцячы ручку бервяна-барабана, паставіць цяжкае, налітае да краёў вядро на лаву, аглядаць, як бавіцца ў ім на хвалях сонейка, – зусім іншая справа. Толькі такая вада і мае самы смак, сок зямліцы. П’еш і адчуваеш, як напаўняешся жыццёвымі сіламі, неверагоднай моцай.
У хаце ў адным з пакояў стаяла сапраўдная, мураваная печ з ляжанкай, – усё як мае быць. Зімой дзеці нават злазіць з яе не хацелі. Котка, напэўна, адтуль амаль і не саскоквала. Вядома ж, яна лавіла мышэй і сваім абавязкам давала рады на выдатна, але вольны час бавіла на ляжанцы, прывольна расцягнуўшыся або пяшчотна згарнуўшыся клубочкам.
Канешне, кухня ў хаце была абсталяваная газавай плітой, мікрахвалёўкай, мульціваркай. Але стравы з печы… Гэта ж зусім іншая рэч. Ежа, прыгатаваная асаблівым чынам у чыгунках, была духмянай і смачнай, адным словам – з душой.
Сям’я ахвотна прыязджала да дзядулі і бабулі, а малыя заўсёды бавілі час з задавальненнем. Сяброў у Янкі з Міланай было тут багата, бо тыя таксама імкнуліся выбрацца на лета не да нейкага там заморскага выраю, а да любай вёсачкі, адпачынак у якой не заменіць аніякая чужына. Гэткай красуні-прыроды больш анідзе не знайсці. Усё сваё, роднае, любае і дарагое сэрцу. Родны кут, зямля, адкуль карані бацькоў і продкаў. Таму і цягне штораз сюды, дзе ўсё так міла і знаёма, цешыць душу.
Рыбалка, купанне ў рэчцы, гульні ў хованкі да поцемак, паходы ў лес па ягады ды грыбы, святкаванне Купалля з начнымі скокамі праз вогнішча і пусканне падпаленага кола з гары, гонкі на роварах па прасёлкавых дарогах, а калі пашэнціць – то і на конях можна пакатацца… Але, на жаль, як бы тут ні было файна, вакацыі калі-небудзь ды скончваюцца.
Адпачынак нашых герояў ужо падыходзіў да завяршэння. Яшчэ колькі дзён – і час збірацца дадому. Але быў у гэтым і станоўчы момант – хутка дзеці атрымаюць свае незвычайныя падарункі. Ды і дзед пра іх не забыўся. Бацькі Янкі з Міланай акурат адправіліся ў госці разам