Адбіць у чужынцаў кляйнотаў сваіх. Антось Уласенка. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Антось Уласенка
Издательство: Издательские решения
Серия:
Жанр произведения: Научная фантастика
Год издания: 0
isbn: 9785005665102
Скачать книгу
вашага сыночка яшчэ стане месца пад маю метку.

      Звон зьвініць званчэй

      Другое (анты-) каляднае апавяданьне. Адначасна яно ёсьць і ўшанаваньнем Лаўкрафта. Як бы хто ні крытыкаваў бацьку сучаснага хорару, яго ёсьць за што любіць. Ды яшчэ як любіць. Мне падабаецца шмат чаго ў ягонай творчасьці; падабаецца, як міты Ктулху жывуць і праз восемдзесят гадоў па сьмерці творцы ды цудоўна пачуваюцца ў іншых руках; падабаецца, што гэтая міталёгія даўно выйшла за межы літаратуры й стала часткаю масавае культуры.

      У «Звон» я ўштукаваў нямала адсылак да пашыранае лаўкрафціяны: ад «Караля ў жоўтым» Уільяма Чэмбэрза да кулінарнае кнігі «The Necronomnomnom – A Cookbook of Eldritch Horror»; ад альбому «Liber Logaeth» LAMIA MORRA да настольнае ролевае гульні «Call of Cthulhu». Хто захоча, тыя адсылкі можа пашукаць і знайсьці.

      They will return: mankind will learn

      New kinds of fear when they are here

      They will reclaim all in their name

      Hopes turn to black when they come back

      Ignorant fools, mankind now rules

      Where they ruled then: it’s theirs again

      «Carol of the Old Ones»

      Знайшлося б нямала такога, чаго Эзра Ольсэн ня ведаў. Але ў адным ён пераканаўся за шэсьцьдзесят тры гады напэўна: ніякіх цудаў не бывае. Ні на сонцаварот, ні калі яшчэ. Сусьвет халодны і абыякі да чалавечых жаданьняў і памкненьняў. Маральнага кодэксу ён ня мае. Усё зьмяняецца толькі на горшае.

      Эзра агледзеў магілу пад нагамі. «Я – Провід», вытыркаўся надпіс з-пад сьнегу. Гэты чалавек, што ўзапраўды быў божым провідам, усё жыцьцё вешчаваў прыйсьце Вялікіх Старцаў, але так і не прычакаў іх. Памёр у галечы й безьвесьці. А мусіў бы стацца шчырым прарокам і зьвестуном Праўды. Якраз дзякуючы яму сям’я Ольсэнаў захавала памяць і веру продкаў пераз хаос дваццатага стагодзьдзя. Штогоду напярэдадні Ёля Эзра прыходзіў да ягонае магілы.

      Дый куды б яшчэ яму хадзіць у такі дзень: жонка даўно спачыла ў рытуальным полымі, дзеці з унукамі паразьехаліся. І хоць жылі недалёка – у Данвічы ды Аркгэме, – наведваліся да старога зрэдку. Апошні раз завіталі на Бельтэйн пазалетась.

      Ён ня меў пэўнасьці, ці зьберагуць яны айчызную спадчыну, і моцна пераймаўся з тае нагоды. Аджа іхныя продкі прыйшлі ў гэты край з далёкіх земляў на Поўдні. Прыйшлі яшчэ да таго, як сюды прыплыў першы карабель. Да таго, як узьнікла Плімуцкая калёнія. Іхны род заўжды быў нешматлікім і пачуваўся чужым у Новай Англіі, а зь цягам часу повязь з былым усё вытанчалася, традыцыі чэзьлі. Ён застаўся хіба апошнім, хто пільнаваўся старых звычаяў.

      Эзра ўздыхнуў, выпусьціўшы з роту воблачак пары, і разгледзеўся на бакі. Два дні таму з мора наляцела завіруха і ахінула Кінгспарт белым покрывам. Могілкі ляжалі на вяршыні ўзгорку ў цэнтры старога места. Цяпер яны ператварыліся ў казачную катэдру: пад цяжарам сьнегу вербы схілілі галіны да растрэсканых помнікаў і раскрышаных плітаў. З арачных вокнаў, што атрымаліся такім парадкам, была відаць ладная частка Кінгспарту: ад Саўтпойнту й Сьвінячае выспы ў Гарбэрсайдзе на ўсходзе да каляніяльных дамкоў Гілтаўну на захадзе. Вобач могілак на ўзгорку ўзносіла шпіль у вечаровае неба парафіяльная царква Сьвятога