Агайдар наліў дзве шклянкі гарэлкі да краёў і падышоў да бацькі.
– Вып’ем міравую, брат! – працягнуў адну шклянку яму, прыязна ўсміхаючыся. – Мой дом – твой дом, – працягваў вяшчаць, калі бацька ўзяў шклянку. – Еш, пі, колькі хочаш! Плоў, бешбармак, Зарына, усё тваё. Забудзем крыўды, будзем сябрамі!..
Апошнюю фразу Агайдар вымавіў для сябрукоў за сталом, каб тыя яго падтрымалі ўпэўненай гамарнёй.
Бацька кіўнуў, згаджаючыся, зрабіў вялікі глыток, злавіў на сабе зацікаўлены позірк Зарыны, а потым узяў і выліў тое, што засталося ў шклянцы, Агайдару ў твар.
– Не брат ты мне ні разу, – працадзіў, – нават не мар.
(Бацькаў малодшы брат загінуў у чатырохгадовым узросце, падавіўшыся яблыкам).
Цішыня павісла, здавалася, мыльным пухіром, які вось-вось лопне.
Зарына закрыла вочы рукамі ў прадчуванні чагосьці дрэннага.
Агайдар паставіў сваю шклянку на стол і абцёр твар рукавом.
Бацька павярнуўся да яго спінай і рушыў да выхада.
Агайдар схапіў шклянку са стала, ірвануўся за бацькам, падскочыў малпай і апусціў шклянку з усёй сілы на бацькаву галаву.
– Уставай! Ну ўставай жа! – намагалася сцягнуць Зарына бацьку з чыгуначных рэек, на якіх упоперак той нерухома ляжаў. На галаве, на твары запяклася кроў і выглядала звычайнай фарбай, у якую той неасцярожна выпацкаўся. Снег, быццам мяккі пух, які вытрасала залаціста-сіняе неба, павольна падаў на пабітыя бацькавы вусны і раставаў на іх, нібыта лекуючы. – Уставай! – плакала Зарына ад бяссілля зварухнуць непад’ёмнае для яе цела. – Уставай, Чакан Валіханаў, Амангельды Іманаў беларускага разліву! – у адчаі запляскала яна па бацькавым твары далонькамі. Той замукаў нешта неразборлівае, паморшчыўся. – Уставай! Ну ўставай, калі ласка! – узмалілася Зарына. Яна пачула набліжэнне цягніка, зазвінелі рэйкі, затым данёсся гудок паравоза і агні яго з грукатам колаў разрэзалі цішыню напалам. – Уставай зараз жа! – спалохана закрычала дзяўчына. Нейкім невытлумачальным чынам, мабыць, са страху, ёй удалося прыўзняць нямоглага за плечы, наваліцца ўсім целам на яго і перакуліцца разам з ім з чыгункі ў снег. Праз хвіліну міма прагрукацеў цягнік.
Бацька не апрытомнеў і ніяк не мог дапамгчы Зарыне ратаваць сябе. Ёй давялося ўсё рабіць самой. Напружвацца да знямогі, да цемры ў вачах, да разрыву аорты і селязёнкі, але цягнуць бацьку ў бяспечнае месца праз снег, правальваючыся ў яго па калені за крокам крок, і буран, што наляцеў неўзабаве і кідаўся на дзяўчыну раз’ятраным каршаком. Так некалі выцягвалі на сабе параненых з поля бою маладзенькія кволыя на выгляд санітаркі, маючы за плячыма ўсяго сямнаццаць ці васямнаццаць гадоў.
Чаго