У яе вясёлым смеху заўсёды заўважна гучала маленькая нота тэатральнасці, быццам таўсматы тата толькі што адрасаваў партэру чарговы мозэраўскі[26] жарт; але гэта зачароўвала яго, калі ён яшчэ ў дадатак з зусім непрыхаванай шчырасцю разглядваў яе твар, да такой ступені, што яму не адзін раз даводзілася душыць у сабе спакусу хуценька кінуцца ёй у ногі, каб шчыра прызнацца ў каханні…
Прайшла, мусіць, цэлая гадзіна, калі ён нарэшце ў поўнай разгубленасці зірнуў на свой гадзіннік і хуценька ўстаў.
„Ах, як доўга я Вас затрымаў, фройляйн Вельтнэр! Вам даўно ўжо варта было прагнаць мяне! Вы павінны паступова звыкнуцца з тым, што час побач з Вамі…“
Ён зрабіў гэта ненаўмысна вельмі спрытна. Ён ужо амаль цалкам адышоў ад таго безумоўнага захаплення дзяўчынай як акцёркай; яго шчыра прамоўленыя кампліменты інстынктыўна рабіліся ўсё больш чыста асабістымі.
„А колькі часу ўжо? Чаму Вы ўжо хочаце ісці?“ – спытала яна з засмучаным здзіўленнем, якое, калі яно было штучнае, падзейнічала ва ўсякім разе больш рэалістычна і пераканаўча, чым ёй гэткае ўдавалася калі-небудзь на сцэне.
„Напрамілы Божа, я даволі доўга надакучваў Вам! Цэлую гадзіну!“
„Ды не! Час для мяне праляцеў хутка!“ – усклікнула яна ўжо са шчырым уздымам. – Цэлую гадзіну?! Тады мне сапраўды трэба паспяшацца, каб завучыць яшчэ тое-сёе з маёй ролі… на сённяшні вечар… Вы будзеце ў тэатры сёння вечарам?.. На рэпетыцыі я не ведала яшчэ нічога. Рэжысёр ледзь не адлупцаваў мяне!»
«Калі мне яго прыбіць?» – урачыста спытаў ён.
«Чым раней, тым лепей!» – засмяялася яна, працягваючы яму руку на развітанне.
Тут ён схіліўся з непадробнай жарсцю да яе рукі і прыціснуў свае вусны да яе ў доўгім неспатольным пацалунку, ад якога, нягледзячы на напамін розуму, ніяк не мог адарвацца, адарвацца ад салодкага паху гэтай рукі, ад гэтага дабрадзейнага пачуццёвага