Хлопец, сабраў плады з паваленага Дрэва і збег назад, да людзей. Яго нашчадкі вырубілі ў пні хады ды пакоі, абнеслі ровам рэшткі Дрэва і пачалі жыць у ім. Людзі пацягнуліся да яго, будавалі побач дамы, аралі зямлю…
І зараз бадзяецца непрыкаяны волат па гэтым лесе, згорблены, з вогненнымі ад слёз вачыма, на чатырох нагах і ахоўвае кожнае дрэва ў гэтым лесе. Кажуць, часамі яго можна пабачыць побач з тым пнём, які людзі клічуць Валунцом… ці Крамянцом… Не памятаю ўжо – старасць…
Дзядуля паклаў грыб пад капялюш.
– Вось і прыйшлі. Гэта твая вёска, – паказаў на хаты ён.
– Дзякуй вам вялікі. Я пайду тады, маці, мабыць, чакае мяне – вечар жа.
І хлопчык пабег да платоў. Дзядуля пайшоў назад, у лес, несці смачныя паганкі сваім родзічам.
– Эх, хлопча, бяжы, бяжы. Тры гады маці цябе чакае…
22 ліпеня 1794 года
Вогнішча аблізвала бакі двух тлустых глушцоў, смакуючы пажаўцелую скуру з перцам і соллю. Полымя кусала за ногі, крылы, шыі і грудзі птушак, быццам не жадаючы пакідаць хоць кавалачак смачнага мяса жаўнерам, што сядзелі побач. Базыль ахоўваў ежу ад пражэрлівага агню, круціў палку, на якую былі насаджаны птушкі, і раскідваў вуглі. На краі вогнішча стаяў чыгунок з кашай.
Непадалёк на сене адпачываў Янка. Сёння ноччу, калі дывізія прыйшла ў Шарашова, яго з дзясяткам вершнікаў адправілі з дазорам у бок Белавежы. Малады ўлан запрог толькі што рассядланага чорнага каня і, амаль без адпачынку пасля дзесяцігадзіннага маршу, рушыў у шлях. Вярталіся яны ў час, калі сонца разагнала ранішні туман і высушыла расу. «Хто ідзе?» – спыталі каля мястэчка. «Свае, з патруля», – адказаў харунжы Сыракомля, пад кіраўніцтвам якога Янка і служыў.
З сабою ў дарогу вершнікі ўзялі сабак – паляванне тут было забаронена, але што скажуць егеры дзесяці ўзброеным вайскоўцам, якія выконваюць загад генерала? Звер у пушчы вадзіўся, і што самае галоўнае – не прызвычаены да чалавека і палявання, якое аказалася простай справай. Янку