Шкада, што з дабрабытам гэтая традыцыя адмерла…
Дом Сталіна
Дагэтуль памятаю твары ды імёны сваіх сяброў з Дому Сталіна, гэта Далінскага, Вярбіцкіх, Барашкавых, Безьменаў, Ільвоўскіх, Азьбеля, Дрыганта, Лапідусаў, Петрулевічаў. А ў нашым доме мае бліжэйшыя сябры, гэта Архіпцавы Люда, Воўка ды Міхаська, вялікі ды іх старэйшы брат Васёна Паршакоў, з імі ж разам жылі з маці сваякі Прудніковічы Міла, Анатоль ды Тома, у другой камуналцы, праз лесьвічную пляцоўку іншая суполка, гэта Якуты Майя, Іна ды Сьвета, дарэчы, з прыкладу апошняй я, значна пазьней, але ж трывала прыйшоў у лёгкую атлетыку. Жылі там Нэля ды Гэля Трахвімавы ды іхні малодшы, мой цёзка Сашка, а яго бацька – Сяргей Кузьміч Шнітко, ня толькі зрабіў ці ня першыя ў маім жыцьці мае фотаздымкі, але, навучаючы мяне ў Доме Піянэраў у фотакружку, даў мне такую «прышчэпку», што я ўжо больш паловы веку амаль не разьвітваюся з фотакамерамі. Маю гонар казаць, што багата са здабытага ў дзяцінстве добра служыць мне ўсё жыцьцё…
Цікавых імпрэзаў для месьцічаў асабліва не было, час быў аднаўляць, ды будаваць, але аднаго разу тата зрабіў нам з маці падарунак. На лётным полі аэрадрому, што быў за Дняпром, ладзілася гарадское сьвята – Дзень Ваенна-паветраных сілаў, і недзе побач быў мой дзень нараджэньня. Заўважу, што на тую пару не было ў нас традыцыі адзначаць такія хатнія сьвяты нават для дарослых. Было гэта ў нядзелю, добрае летняе надвор'е, шмат людзей, як і мы, апрануўшыся папрыстойней, рушылі з гораду. Ісьці давялося па адзіным тады драўляным Дняпроўскім мосьце высака над вадою, пешшу я быў на ім упершыню, крыху боязна, але ж бацькі побач… Прайшоўшы лупалаўскімі вулачкамі мы выйшлі да аэрадрому, вялізнага поля, дзе ўжо віраваў даволі вялікі натоўп людзей. А колькі цікавага было навокал: тут табе і сапраўдныя самалёты, якія можна было нават памацаць, асобным малым пашчасьціла пават у пілоцкай кабінцы пасядзець, ды сапраўдны лётніцкі шлём памераць, недалёка ладзілася выстава мадэляў самалётаў, дзе мяне асабліва уразіла мадэль больш за мяне памерам «лятаючай крэпасьці», чатарохматорнага