Непрачытаных старонак у папцы станавілася ўсё меней. Следства рухалася да завяршэння. Па матэрыялах было зразумела, што следчым так і не ўдалося знайсці людзей, якія разам з Мартынюк складалі б нейкую антысавецкую групоўку, таму страцілі да яе цікавасць і перадалі справу ў суд. Толькі на судзе Клаўдзія расказала ўсё, што адбылося з ёю, пэўна, зразумела, калі тут не здолее абараніць сябе, дык ёй ніхто не дапаможа. Яна прагнула жыць, а турма палохала, пагражала нястачаю, голадам і смерцю. Прызнанне Мартынюк на судзе было занатавана, і Юля ўчытвалася ў яго з вялікай зацікаўленасцю, разумеючы, што не памылілася ў сваіх прадчуваннях. У душах жанчын спрадвечна жыве вялікая прага кахаць і быць каханай, якая даецца ад прыроды, для таго, каб не знікаў чалавечы род. Кожнае слова падсуднай сведчыла пра яе жаданне быць шчаслівай у шлюбе, мець побач чалавека, каханага, адзінага:
«Сакратар райкама партыі Іван Самуілавіч Сіроцін быў маім непасрэдным начальнікам. Я пасля вызвалення ад акупантаў ўзначальвала ідэалагічны аддзел. Неяк само сабою атрымалася, што ён пачаў да мяне заляцацца, аднойчы запрасіў да сябе на кватэру і прапанаваў уступіць з ім у сужыццё. Спачатку я не згаджалася, але мне падабалася мая праца, я баялася яе страціць, таму і згадзілася быць з ім у сужыцці пры ўмове, што пра гэта ніхто не будзе ведаць. Аднак раніцай на другі ж дзень, як гэта здарылася, да мяне падышоў Кедраў, сябар Сіроціна, і стаў дакараць, што з ім, маладым і прыгожым, я не згадзілася жыць, а цяпер буду каратаць ночы са стараватым і лысым Сіроціным. Мне нічога не заставалася, яе стрываць гэтую абразу і трымацца Івана Самуілавіча. Пазней да мяне дайшлі чуткі, што Сіроцін сустракаецца яшчэ і з Вандай Вышанскай. Гэта мне было вельмі непрыемна. Ды прывязаць яго да сябе я не магла. Між тым, ужо ўсе ў Антопалі і нават у маёй вёсцы ведалі, што я жыву з Сіроціным. Я была сакратаром райкама, хацела служыць прыкладам для ўсіх дзяўчат, але атрымлівалася наадварот. Распаўсюджваліся плёткі, што я зусім не ўмею працаваць, а мяне трымаюць у райкаме ў якасці палюбоўніцы Сіроціна.
У хуткім часе прыехала жонка Сіроціна, мне гэта было нялёгка перажыць. Выратавалі мяне курсы партыйных і савецкіх работнікаў у Брэсце, куды я атрымала накіраванне на вучобу. Але і там не мела спакою, хоць вучоба была цікавая. Я прывязалася душою да Сіроціна, сумавала па ім. Таму аднойчы напісала яму ліст. Не ведаю, якім чынам, але гэты ліст знайшлі ў Вышанскай. Напэўна, Сіроцін пакінуў яго там у час аднаго са сваіх візітаў, каб не несці дамоў. Калі я вярнулася ў Антопаль, дык тэхнічны сакратар мне сказала, што маё пісьмо, пасля таго, як нехта забіў Вышанскую, трапіла ў органы дзяржбяспекі. Мяне наогул падазравалі ў забойстве Вышанскай, але ж я ў гэты час вучылася ў Брэсце.
Па вяртанні з курсаў мяне прызначылі на новую пасаду: загадвала жаночым аддзелам. Я пазбягала сустрэч з Сіроціным, ды ў кастрычніку ён сам прыйшоў да мяне і стаў напрошвацца ў госці. Дваццаць шостага кастрычніка я атрымала ліст з маім фотаздымкам, які аднойчы ўзяў у мяне Сіроцін. Фотаздымак быў размаляваны,