Юля зноў пайшла да рэдактара і папрасіла напісаць заяву ў абласное ўпраўленне Камітэтата дзяржаўнай бяспекі з просьбою дазволіць ёй пазнаёміцца са справаю Клаўдзіі Міхайлаўны.
– Сёння не змагу, а заўтра падрыхтую гэты дакумент, – паабяцаў рэдактар. – Але ж для таго, каб працаваць у архіве, трэба шмат часу.
– Часу ў мяне дастаткова. Вы ж ведаеце, я зноў адна.
– Нічога, Юля, трымайся. Свет вялікі. Добрых людзей шмат, – спачувальна ўсміхнуўся рэдактар. Твар у яго быў чырвоны і лагодны, як пірог, які толькі што дасталі з печы.
Юля ўсміхнулася ў адказ, а сама падумала, што Мікалай Ігнатавіч, напэўна, ужо прычасціўся з самага ранку са свайго запаветнага сейфа рытуальнымі ста грамамі каньяку ці гарэлкі. На шчасце, на адносінах да калег, гэта адмоўна не адбіваецца.
– Клаўдзія Міхайлаўна для мяне была душэўна блізкім чалавекам. Я нават не ведаю што, але нешта звязвае яе са мною. У мяне ёсць патрэба вывучыць яе лёс, няхай па следчых і судовых матэрыялах. Гэта ж лёс цэлага пакалення людзей, якія перажылі жахі таталітарнага рэжыму.
– Добра, вывучайце, але не забывайце пра свае службовыя абавязкі.
– Газета для мяне – справа святая і першачарговая, – адрапартавала Юля.
– У такім разе выконвайце рэдакцыйнае заданне: сёння а дванаццатай гадзіне адчыняецца новая крама «Разумныя рэчы». Трымайце запрашальны білет, – рэдактар пасунуў да Юлі па стале паперыну.
– Дзякую за давер.
– Чакаю цікавы рэпартаж.
– Будзе зроблена. Да заўтра, – адказала Юля.
Яна вярнулася ў кабінет, узяла дыктафон, паглядзела на гадзіннік. Да адкрыцця крамы заставалася яшчэ цэлая гадзіна. Вырашыла не садзіцца на тралейбус, а прайсціся пешкі, хоць і разумела, што хадзіць па вуліцы з інтэнсіўным транспартным рухам – шкодзіць здароўю. Аднак хутка зразумела, чаму ёй захацелася прайсціся. На вуліцы Маскоўскай таксама зацвілі некалькі каштанаў. Ад летняй гарачыні і шкодных выкідаў лісце апала, тырчала голае вецце, але на асобных галіна распусціліся новыя, восеньскія, кветкі і светла-зялёная кволая лістота. Гэта не