– Доктара, хутчэй лекара сюды!
Перамагаючы боль, Сяргей павярнуў галаву і ўбачыў малады твар. Мокрае, бруднае, але неймаверна сур’ёзнае аблічча. Салдат нешта засяроджана шукаў у сумачцы на поясе. Праз імгненне ён дастаў з яе пластмасавую ампулу з іголкай на канцы. Ён зняў з яе каўпачок і нагнуўся над левай рукой Сяргея. Момант уколу Сяргей не заўважыў, усё цела скаваў новы прыступ жудаснага болю. Толькі калі боль крыху аслаб, хлопец адчуў, як па левай руцэ расцякаецца цеплыня. Ён адчуваў, як яна даходзіць да грудзей, ўліваецца ў галаву, запаўняе жывот. Сяргею стала лягчэй. Ён ужо нічога не бачыў і амаль нічога не чуў, але адчуваў, як боль сыходзіць. Не, не сыходзіць, адступае на другі план. Сяргей адчуў незвычайную лёгкасць ва ўсім целе. Хлопец раскінуў рукі і ўзняўся ў неба.
Грубы, але ўжо ледзь чутны голас на імгненне перабіў асалоду.
– Не, гэтаму ўжо не дапаможаш. Хадзем далей.
Сяргей застаўся ў адзіноце. У шчаслівай адзіноце. Ён не адчуваў цела, не адчуваў больш ніякага болю, ён ляцеў і яму было добра. Настолькі добра, што Сяргей адчуў сапраўднае Шчасце. Не тое эфемернае шчасце, што вечна маячыць наперадзе, нібы гарызонт. І як ні стараешся, як ні спрабуеш яго дамагчыся, яно ўвесь час сыходзіць наперад і хвіліны не пабыўшы з табой. А гэта Шчасце было сапраўдным, і Сяргей ведаў, што яно будзе доўжыцца вечна.
Кволае святло маленькага пакоя абпаліла Сяргею вочы.
– Што за бздура, – прашыпеў ён у абурэнні.
– Ну як? Усё ў парадку? – прыемны голас аператара раптам стаў жудасна агідным.
– Так, абадай цябе, – Сяргей быў жудасна незадаволены, тым, што яго адарвалі ад чагосьці ўзнёслага, вечнага і бясконца прыемнага.
– Як адчуванні? – спытаў тэхнік, здымаючы шлем.
– Жахліва, – агрызнуўся Сяргей і выскачыў з крэсла. Хуткім крокам ён выйшаў з пакоя.
Яму пакутліва хацелася падоўжыць адчуванні ад сеансу і ён з змагаўся з сабой, каб не кінуцца зноў да стойкі адміністратара і не замовіць яшчэ адну ВС. Дома Сяргей адразу лёг спаць і амаль імгненна пагрузіўся ў глыбокі сон.
З наступнага дня ўсё пайшло наперакос. Усё падала з рук. Усё, што Сяргей пачынаў, не атрымлівалася. Па дарозе да офіса Сяргей ледзь не трапіў у аварыю. Хлопец пакінуў дырэктарскую машыну на стаянцы каля офіса і на метро паехаў у цэнтр «Watch».
Замовіўшы дзве смерці запар – больш было нельга – Сяргей трохі супакоіўся. Віртуальнасць прынесла тыя жаданыя хвіліны асалоды, дзеля якіх варта жыць. Але гэта