Маска Чырвонае Смерці (зборнік). Эдгар Алан По. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Эдгар Алан По
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Бібліятэка часопіса “ПрайдзіСвет” “PostScriptum”
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 0
isbn: 978-985-90386-8-6
Скачать книгу
на разумовыя расстройствы часта вылучаюцца такой непаслядоўнасцю). Прынамсі, калі б я меркаваў па ажыўленай напружанасці, з якою ён слухаў (ці рабіў выгляд, што слухае) аповед, я мог бы павіншаваць сябе з поспехам мае задумы.

      Я дайшоў да добра вядомага ўрыўка, дзе Этэльрэд – галоўны герой рамана – пасля марных спробаў мірна ўвайсці ў жытло пустэльніка наважваецца ўварвацца туды сілаю. Тут, калі памятаеце, гаворыцца: «І Этэльрэд, ад прыроды надзелены мужнасцю, а цяпер яшчэ больш адважны ад віна, ім выпітага, не стаў больш весці размоваў з пустэльнікам, які, праўду сказаць, быў натураю ўпартай і зламыснай, адчуваючы, што набліжаецца дождж і баючыся буры, тут жа падняў сваю булаву і, цяжка дыхаючы, хутка праламаў драўляныя дзверы, а ў адтуліну прасунуў руку ў жалезнай рукавіцы, потым ірвануў іх на сябе, паламаў і разбіў на часткі, і грукат і трэск разбітае сухое драўніны пакаціўся па ўсім лесе».

      Дачытаўшы гэты сказ, я ўздрыгнуў і на імгненне спыніўся, бо мне здалося (хаця я тут жа падумаў, што мая ўсхваляваная фантазія мяне падманвае), што з аддаленай часткі будынка да мяне данеслася тое, што, паводле дакладнага свайго падабенства да рэха, мусіла быць менавіта рэхам, што праўда, глухім і слабым, акурат таго грукату й трэску, які так падрабязна апісаў сэр Ланселот. Бясспрэчна, я заўважыў гэта толькі праз супадзенне, бо сярод дрыжання аконных шыбаў і звычайнага змяшанага шуму блізкай навальніцы не было нічога, што само па сабе магло б зацікавіць ці ўзрушыць мяне. Я працягнуў:

      – «Але слаўны рыцар Этэльрэд, увайшоўшы ў дзверы, быў да глыбіні душы здзіўлены і разгневаны, не ўбачыўшы ні следу зламыснага пустэльніка. Замест яго там сядзеў жахлівы дракон, пакрыты лускою і з вогненным языком, вартуючы залаты палац са срэбнай падлогаю, а на сцяне вісеў шчыт з бліскучае медзі з такім надпісам:

      Хто ўвойдзе сюды, той у бітвах вёў рэй,

      Хто знішчыць дракона, той шчыт забярэ.

      І Этэльрэд падняў булаву і ўдарыў дракона па галаве, і той упаў перад ім, выпусціўшы свой чумны дух, з віскам такім жахлівым і агідным і да таго ж такім пранізлівым, што Этэльрэду давялося закрыць сабе вушы далонямі, каб абараніцца ад жудаснага гуку, ніколі ім дагэтуль не чутага».

      І тут я зноў змоўк, цяпер ад неймавернага здзіўлення, бо ўжо нельга было сумнявацца, што я насамрэч пачуў (хаця і немагчыма было зразумець, адкуль) ціхі і вельмі далёкі, але рэзкі і доўгі ці то віск, ці то скрыгат – дакладна такім я ўяўляў неверагодны крык дракона, апісаны ў кнізе.

      Хаця пасля гэтага, яшчэ больш незвычайнага, супадзення мяне ахапілі шматлікія супярэчлівыя пачуцці, сярод якіх пераважалі здзіўленне і найглыбейшы жах, я захаваў дастатковую прысутнасць духу, каб ні словам не патрывожыць расстроеныя нервы майго сябра. Я быў зусім не ўпэўнены, што ён пачуў гэтыя гукі, але паводзіны ягоныя за апошнія некалькі хвілінаў дзіўным чынам змяніліся. Седзячы спачатку насупраць мяне, ён паступова паварочваў сваё крэсла так, каб быць тварам да дзвярэй, таму цяпер я не бачыў ягонага