Міналі гады, і дзень пры дні ўглядаўся я ў яе нявінны, спакойны твар, які так шмат казаў мне, і яе дарослае цела, дзень пры дні бачыў новыя рысы падабенства дзіцяці з яе памерлай маці, бачыў скруху і смерць. З кожнай гадзінай згушчаліся гэтыя цені падабенства, рабіліся ўсё больш рэзкімі, выразнымі, складанымі і жахлівымі. Усмешка рабілася падобнай да матчынай – я мог гэта вытрываць, але дрыжаў ад такое дасканалае тоеснасці; вочы былі падобныя да вачэй Марэлы – я мог гэта цярпець, але яны так часта зазіралі ў глыбіні мае душы з незразумелай уладнасцю. І абрысы высокага ілба, і пасмы ядвабных валасоў, і бледныя пальцы, якія іх перабіралі, і сумная меладычнасць словаў, і асабліва – о, асабліва словы мёртвай на вуснах любай і жывой хвалявалі і жахалі мяне, і тачылі, як чарвяк, які ніколі не памрэ.
Так мінула дзесяць гадоў, а мая дачка ўсё яшчэ не мела імя на гэтай зямлі. «Маё дзіця» і «мая любоў» – так называла яе бацькава пяшчота, а поўная самота яе існавання выключала ўсялякія дачыненні з іншымі. Імя Марэлы памерла разам з ёй. Я ніколі не размаўляў з дачкой пра маці, гэта было немагчыма. За кароткае сваё жыццё яна не мела ніякіх уражанняў ад вонкавага свету, апроч тых, якія дазвалялі вузкія межы яе адасобленага існавання. Але ўрэшце я згадаў пра хрышчэнне як пра магчымасць вызвалення ад жахаў, на якія асудзіў мяне кон. І нават ля купелі я вагаўся, не ведаючы, якое імя абраць. Мноства імёнаў – сімвалаў мудрасці і прыгажосці, імёнаў старажытных і нашых часоў, імёнаў маёй і чужых краінаў амаль сарвалася з маіх вуснаў разам з імёнамі – сімваламі высакароднасці, шчасця і дабрыні. Што прымусіла мяне патрывожыць памяць пахаванай? Які дэман змусіў мяне выдыхнуць гэтае слова, гук якога пагнаў маю кроў ад скроняў да сэрца? Якая пачвара прамаўляла з глыбіняў мае душы, калі ў цішыні ночы сярод крыжоў я прашаптаў святару «Марэла»? Хто ж, калі не сам д’ябал, сказіў рысы тварыка майго дзіцяці, надаўшы яму адценне смерці? Пачуўшы гэтыя гукі, яна ўзняла свае шкляныя вочы з зямлі ў неба і, апусціўшыся бязвольна на чорныя пліты нашага фамільнага склепа, адказала: «Я тут!»
З выразнасцю – халоднай, спакойнай выразнасцю зляцелі гэтыя простыя гукі з яе вуснаў – і нібы расплаўлены свінец з шыпеннем пацёк у маю галаву. Гады – гады могуць мінуць, але памяць пра гэта не знікне ніколі. Я не толькі забыўся на кветкі і віно, але цыкута і кіпарыс кідалі цень на дні мае і ночы. Я не мераў ні прасторы, ні часу, і зоры майго лёсу падалі з неба, і змрок накрыў зямлю, і хуткімі ценямі праходзілі міма мяне яе вобразы, сярод якіх я бачыў толькі адзін – Марэлу. Вятры шапталі мне адно слова, якое я мог чуць, і хвалі на моры мармыталі толькі адно – «Марэла»… Але яна памерла, і я сам аднёс яе ў склеп – і доўга горка смяяўся, не знайшоўшы ні следу першай там, куды паклаў