Пошукі будучыні. Кузьма Чорны. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Кузьма Чорны
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Литература 20 века
Год издания: 1943
isbn: 978-985-15-2425-5
Скачать книгу
усё гаварыў раз-поразу:

      – Густаў, Густаў…

      Фельчар як бы раіўся сам з сабою і сам сабе ўсміхаючыся:

      – Прыехаўшы дадому – адразу забегчы ў сад… – І тут жа растлумачыў, усё не спускаючы з губ усмешкі.

      – Густаў… Густаў… – выварочваў немец перад гэтымі людзьмі сваю душу.

      Здавалася, што няма на свеце ні вайны, ні выгнанства, а толькі радасць чалавека жыць сваею воляй.

      Раптам салдат спахмурнеў, устаў і сказаў:

      – Ну, немец, у дарогу.

      Немец здагадаўся і таксама спахмурнеў.

      Значыцца, і вайна была, і трэба было мець непрыемны абавязак гнаць палоннага чужынца, якога сюды загнала ліха, і трэба было ісці пад канвоем.

      Немец памахаў рукой Волечцы, і апошні промень усмешкі патух на яго твары. Салдат апанураў адразу і выйшаў следам за немцам выконваць свой прыкры абавязак. Фельчар устаў, паглядзеў на залатыя рэчы, якія ляжалі на стале, і панура прамармытаў: – Гэта расейскія афіцэрскія рэчы. Эйш, сукін сын, паздзіраў з мёртвых або раненых. – Тут ён убачыў, што на стале ляжыць тое нямецкае пісьмо. Ён стаў яго разбіраць, і многа прайшло часу, пакуль ён сказаў:

      – Гэта жах, што ён піша! Ён навек развітваецца са сваім Густавам. Дзіва што ён так узрадаваўся, калі ўбачыў, што жыў астаўся. Ці гэта ён мне гэтае пісьмо даваў, каб я прачытаў яго? Ці яно яму ўжо не трэба? А ліха яго бяры, здам на пошту, няхай ідзе туды, да таго Густава.

      Тут пад'ехала фурманка, і хата апусцела. Так гэтыя людзі, якія не ведалі адзін аднаго і перажылі разам момант радасці, сабраўшыся на гэты момант у незнаёмай хаце, разышліся хто куды, кожны ў свой бок. Залатыя гадзіннікі, пярсцёнкі і крыжык ляжалі на стале, і двое маладых людзей, якія стаялі яшчэ перад векам сваім і толькі што выходзілі яшчэ з свайго маленства, не ведалі, што рабіць з гэтым золатам. Можна сказаць, што яны не ведалі і цаны яму. Волечка з непаразуменнем падтуліла плечы і адышлася ад стала, трэба сказаць – задаволеная, што, нарэшце, хата была пустая ад чужых людзей і ніхто ёй не перашкаджае цяпер даіць і карміць карову, прыбіраць у хаце, пазіраць у вокны, ці не сышлі з двара дзве куры, што былі ў яе гаспадарцы. Гэта не гаворачы ўжо аб тым, што адзін за адным ішлі вераснёвыя дні, а ў яе яшчэ не было пасеяна жыта. Пра непасеянае жыта яна і ўспомніла цяпер. Парыў смутлівай заклапочанасці рвануўся ў яе душы. Яна, як сталая, заламала рукі:

      – А Божа мой, жыта не пасеяна. А восень ідзе.

      – Дык я табе пасею, – сказаў, устрапянуўшыся, Кастусь.

      – А хіба ты ўмееш?

      – Я раз авёс сеяў, як бацька мой хварэў.

      – А калі ж ты думаеш?

      – Калі хочаш. Толькі, каб не марудзіць, мне ж трэба яшчэ і ў сваю дарогу выбрацца.

      – Хоць заўтра.

      – А насенне ёсць?

      – Не намалочана. Снапы я звезла, сама і пажала. А сеяў яшчэ бацька.

      – Дык я табе і намалачу.

      У хвіліны гэтай гаворкі ў яго білася ў жыццё вострае жаданне хоць якім заняткам, хоць якой работай адцягнуць як надалей страшную неабходнасць