Лявон Бушмар. Кузьма Чорны. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Кузьма Чорны
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Бібліятэка школьніка
Жанр произведения: Литература 20 века
Год издания: 1929
isbn: 978-985-02-0915-3
Скачать книгу
Вінцэнты.

      – Будзе з яго аднаго.

      – Можа, будзе, а можа, i не. З таго боку лесу тамашнія яшчэ падбіраюцца. Так, мусіць, i адхвацяць усю гору.

      Вінцэнты задумённа плюнуў, абцёр рукавом вусы. Твар яго на ветры заружавеў i пагладзеў больш. Здаваўся мокрым. Цераз поле, з кустоў, iшлі людзі. Амілін брат уваткнуў ля дарогі тычку, мігнуў Вінцэнтаму. Той пайшоў далей ад дарогі, набраўшы з зямлі пад паху гатовых тычак. Мужчыны прыпыніліся ля дарогі.

      З лесу, з-пад Бушмаравай сялібы, выйшла Аміля. Яна iшла шпарка, заклапочана. Брат памкнуўся быў пайсці ёй насустрач, але пад цікаўнымі i хiтрымі позіркамі мужчын застаўся.

      Аміля падышла да яго адразу.

      – Чаму Бушмар сам не прыйшоў? – запыталася колькі галасоў разам.

      Аміля адказала аднаму толькі брату:

      – Не прыйдзе… Мяне прыслаў… што тут хаця робіцца?..

      Яна спусціла рукі i стаяла з сухой заклапочанасцю. Глядзела на ўсю работу.

      – Што гэта за чалавек, чаму ён вачэй не пакажа: а пасля смяртэльнай крыўды не абярэшся, – загаманілі некаторыя мужчыны.

      – Каб тут каморніка не было, можа б, i прыйшоў, – засмяяўся Амілін брат. – Што, невядома, як яму цяжка з начальствам гаварыць?

      Аміля бездапаможна глянула на брата. Той падступіў да яе бліжэй.

      Мужчыны заварушыліся па полі.

      – Думаеш кідаць служыць? – запытаў брат ціха, адводзячы сястру ўбок.

      Аміля паціснула плечуком i апусціла вочы. Скрытнасць цяпер удалася ёй.

      – Кiдай! Што гэта не ўгаварыць цябе ніяк! I тады вырвалася з хаты ліха ведае чаго, як бы не можа памеркавацца разам. Гэта ж не вечна будзе цяснота ў хаце, зараз што-небудзь зробім. Кiдай, годзе табе ліпець за наймічку. Чаму ты паслухаць мяне не хочаш? Чаго ты баiшся, што ў хаце цесна i хлеба можа не хапіць? Не прападзем! Будзем разам рабіць, разам жыць… Гэтак табе трэба было i адразу iсці за наймічку! Што ж не паслухала! Кiдай!.. Чаму ты босая прыйшла, халодны дзень гэтакі? Раніцою мароз быў.

      Яна аглядзела яшчэ раз падлеснае поле i пайшла назад.

      Брат паглядзеў ёй услед, нахмурыўся.

      – Можа, яна крыўдзіцца чаго, – з'явіўся раптам з боку Вінцэнты.

      Амілін брат не захацеў з ім гаварыць. Вінцэнты, як знячэўку дзе абмочаны на холадзе, заклапаціўся вельмі каля тычак.

      VII

      За лесам насядала на сялібу вясковае поле, арудаваў там Андрэй – Амілін брат, праціўны Бушмару чалавек. Бушмар i ніколі не меў з ім сталай гаворкі (хiба, бывала, трэба было пагаварыць крыху, увайшоўшы ў хату да Амілі), а цяпер i пагатоў. Ён з-за лесу чуў праз Амілю, што Андрэй сіберна заеўся на Вінцэнтага за ўсялякія там справы, што Вінцэнты нагаворваў супроць Андрэя людзей, што ў самога Вінцэнтага ў хаце нелады нейкія… Аміля кожны дзень пад вечар даведвалася да свайго дзіцяці, доўга не бавілася там, у Андрэя, цяпер ужо заўсёды варочалася нанач. Яна ўсё была такою ж самаю ціхаю, прывабна, па-жаноцку пакорліваю. Вечарам, прыбегшы ад брата, яна знаходзіла Бушмара ў хаце, зазірала яму ў вочы. Ён цягнуў яе да сябе.

      Вясна тады ўбіралася ў сілу. На полі, на палянах i лесавых