На заснежаны востраў. Анка Упала. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Анка Упала
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Электронная кнігарня
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2017
isbn: 978-985-7165-513
Скачать книгу
прызначылі агульны збор. Але, калі паглядзелі персанальныя дамовы арэнды, высветлілася, што кухняй пры пакоі адпачынку могуць карыстацца толькі тры чалавекі, двое з іх – Тунтэматон і Фартун.

      – Цікавыя паводзіны: яны карыстаюцца нашай кухняй, смецяць, не прыбіраюць і хочуць яшчэ нас павыкідаць з яе! Я высветлю, хто смеціць, і выкіну іх адсюль. Такога стаўлення я не пацярплю! – кажа Тунтэматон.

      27

      Нас зноў падзялілі на малыя групы: па серадах і чацвяргах цягам месяца мы будзем самастойна працаваць над дакладамі. Ніну размеркавалі ў іншую групу. Я ў адной групе з Тунтэматон, мы будзем рыхтаваць прэзентацыю пра мясцовы кінатэатр.

      У другой палове дня ў дзверы нашага пакоя пагрукалася дзяўчына.

      – Не ведаеш, дзе Мацільда? Мы з ёй мусім разам рыхтаваць заданне.

      Чым магла дапамагла, напісала ёй нумар Мацільдзінага тэлефона – даганяй ветра ў полі.

      Калі я гатавала сабе вячэру, на кухню зайшоў Каспер, павітаўся са мной па-фінску. Я для падтрымання размовы таксама па-фінску пытаюся:

      – Як жыццё?

      А ён нечакана для мяне адказвае:

      – Нядобра.

      – Чаму? – пытаю, але далей маіх ведаў не хапае, каб зразумець, што ён з прыкрасцю адказвае. Для практыкі фінскай момант, здаецца, не прыдатны…

      – Што здарылася? – перапытваю па-англійску.

      – Я пакідаю школу.

      – Ненадоўга? Потым жа вернешся?

      – Не, назусім.

      – Але з якой прычыны?

      – З прыватных прычын. Бывае, што ўсякае здараецца ў жыцці.

      Позна ўвечары Мацільда некалькімі рухамі рашуча скідае сваю вопратку з кніжнай шафы на падлогу. Раніцай яна ледзь сама не скінулася з гэтай шафы, калі палезла на яе, каб дастаць рэчы з верхняй паліцы, і шафа пачала марудна падаць разам з Мацільдай.

      – Будзеш праць?

      – Ага.

      – Слухай, ты ведаеш, што Каспер з’язджае?

      Мацільда ведае.

      – А ведаеш, чаму?

      Мацільда ведае чаму. Каспер ужывае наркотыкі. Ён не вельмі пільнаваўся быць незаўважаным, і нехта паведаміў пра яго рэктарцы.

      – Ён вучыцца на выхавацеля і збіраецца працаваць з дзецьмі.

      – З падлеткамі, – успамінаю я.

      – Так не пойдзе, – кажа Мацільда, гледзячы на мяне вельмі сур’ёзна. – Добра, што яго адлічылі. А яшчэ, – дадае яна, – ён сустракаецца з дзяўчынкай пятнаццаці гадоў. Яна дзіця, а ён дарослы. І яны пачалі сустракацца, калі ёй было трынаццаць. Яна была тут на выходных на мінулым тыдні, сама абмовілася пра свой узрост.

      – Э-э, думаеш, у іх быў сэкс?

      – Сто працэнтаў.

      – Хіба гэта не караецца па законе ў Швецыі?

      – Караецца. Узрост згоды – пятнаццаць. Але ўлічваючы, што яны сустракаюцца ўжо два гады… Ён не мусіць працаваць з дзецьмі.

      28

      Верасень залаты, неба блакітнае, паветра крыштальнае, дубовыя галіны над намі ў вышыню імкнуцца. Ад фікі да абеду прасядзелі з Тунтэматон за кавай і размовамі на тэрасе Стурагордэна.