1939 год і Беларусь. Забытая вайна. Анатоль Трафімчык. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Анатоль Трафімчык
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: История
Год издания: 2014
isbn: 978-985-99340-2-5
Скачать книгу
944 г. з адсылкай на фронт стаялі чамусьці ўбаку і займалі месца няшмат). Зрэшты, так яно і было. Бо «за Польшчай» засталася маладосць таго пакалення.

      У чутых аўтарам успамінах, зразумела, не было глыбокага аналізу падзей, супастаўленняў і параўнанняў. Некаторыя дзяды яшчэ доўга не выказваліся – баяліся. Хоць часы пасля развалу СССР насталі ўжо даволі спакойныя. Але ад аповедаў звычайна веяла нейкім метафізічным арэолам загадкавасці. Ужо тады карцела даведацца, куды і як тое знікла, растварылася. Тут звычайна наступаў прагал. Збольшага згадваліся «першыя саветы» – як заканчэнне «таго, што раньш было». Дзіцячая цікаўнасць заставалася незадаволенай.

      Дзяцінства кожнага чалавека ў многім спрычыняецца да яго дарослага шляху. Гэта банальная ісціна спрацавала і ў дачыненні да кнігі, якую вы трымаеце ў руках. У гады студэнцтва ў сярэдзіне 1990-х гг. я зноў выйшаў да тэмы змены эпох – з польскай на савецкую. Дапамог выпадак (хоць сёння ён бачыцца пэўнай заканамернасцю) – сустрэча з прафесарам Міхаілам Андрэевічам Дабрынінам. Пратоптванне новых сцяжын вялося па яго каштоўных падказках. Далей – болей. Скрупулёзная праца ў беларускіх і польскіх архівах. Кансультацыі з навуковымі спецыялістамі розных краін. Абарона дысертацыі ў Нацыянальнай акадэміі навук Украіны. Шматлікія публікацыі ў айчынным і замежным друку. Чым глыбей даследаваўся той пераломны час, тым багацейшым ён адкрываўся на грамадскія з’явы, аналітычныя аспекты і ўвогуле розныя нюансы ды парадоксы…

      Падзеі 1939 г., звязаныя з пачаткам Другой сусветнай вайны, не ўзніклі на голым месцы. Да іх чалавецтва ішло два дзесяцігоддзі. Пра гэта апублікавана нямала кніг і артыкулаў. Аднак у іх шматлікасці не знаходзіцца месца факусіраванню на беларускай краіне і яе народзе. А такі погляд, між іншым, выяўляе дадатковыя грані гістарычных падзей, часам нечаканыя павароты – як беларускай гісторыі, так і агульнаеўрапейскіх міжнародных адносін. Сёння, калі мінула тры чвэрці стагоддзя і жывых сведак становіцца ўсё меней, асабліва важна асэнсаваць шмат у чым шырокавядомы факталагічны матэрыял, прадставіўшы яго як праз прызму бачання тагачасных беларусаў, так і з гледзішча рацыі Беларусі як сучаснай дзяржавы і суб’екта міжнароднай палітыкі. Гэтая работа і паклікана дапамагчы разабрацца ў падзеях, якія паклалі пачатак Другой сусветнай вайне на Беларусі.

      Задача ставіцца няпростая. У 1920–1930-я гг. беларускі край апынуўся паміж двух агнёў – панскай Польшчай і бальшавіцкай Расіяй, якія падзялілі яго паміж сабой у 1921 г. Таму і ўспрыманне сацыяльна-палітычных і ваенных калізій па абодва бакі мяжы, якая на дваццаць гадоў разлучыла беларускі народ, было адрозным.

      Інтэрпрэтацыі гістарычных падзей у гісторыкаў з розных краін часта абумоўленыя ідэалагічнай заангажаванасцю. А гістарычная навука Савецкага Саюза наогул не дапускала беларускага нацыянальнага пункта гледжання. Панавалі агульнасавецкія (марксісцка-ленінскія) трактоўкі, якія атаясамляліся хутчэй з расійска-імперскімі, чым з беларускімі поглядамі, падыходамі і ацэнкамі. Часта ў даследаваннях гісторыкаў меў месца аднабаковы падбор фактаў – прыхоўваліся звесткі, якія ішлі ў разрэз з прынятай дагматычнай канцэпцыяй. Так, савецкая гістарыяграфія настойліва абвяргала дзеянні кіраўніцтва СССР, якія былі скіраваны не на справу міру, супрацьстаўляючы ў гэтым сэнсе Краіну Саветаў усяму свету. У падручніках і абагульняючых працах тэме Заходняй Беларусі адводзілася нашмат меней месца, чым БССР, хоць краіна была падзелена прыкладна на роўныя часткі.

      Бачанне падзей напярэдадні і на пачатку Другой сусветнай вайны праз прызму гісторыі Беларусі і яе народа па сённяшні час выглядае бедна ў беларускіх публікацыях – і ў навуковых, і ў папулярных. А без яго немагчыма асэнсаваць значэння таго гістарычнага пералому як у міжнародным кантэксце, так і ўласна ў рэчышчы беларускай гісторыі, культуры і ідэнтычнасці нацыі. Ліквідацыя гэтага прагалу – таксама актуальная задача. Напрацоўкі даследчыкаў з суседніх краін не заўсёды даюць вычарпальныя адказы, бо іх мала цікавіць Беларусь як самастойны, самадастатковы арганізм. Таму ў нашым выпадку прынцыповай справай стала канструяванне і тлумачэнне падзей 1939 г. – пачатку Другой сусветнай вайны і аб’яднання дзвюх частак Беларусі пад савецкім крылом – зыходзячы з іх значэння для Беларусі, засяроджванне ўвагі на беларускіх лініях і сюжэтах.

      Па словах вядомага чэшскага пісьменніка Мілана Кундэры, «ніводную гістарычную падзею нельга лічыць агульнавядомай». Многія звесткі чытачам будуць збольшага (а часам шырока да банальнасці) знаёмымі. Але надзвычай важна нават «заезджаную» інфармацыю суадносіць і супастаўляць у святле значэння для Беларусі і для беларускага народа. Такі падыход іншым разам даваў неверагодныя вынікі, якім не раз даводзілася здзіўляцца і мне самому. Часам было неабходна толькі паглядзець на знаёмы матэрыял, даўно ўведзены ў навуковы зварот, пад беларускім ракурсам – як дзяржаўна-нацыянальным, так і чалавечым. Пакрысе рабілася зразумела, што кніга не толькі адкажа на многія пытанні, якія турбавалі з дзяцінства, але і адкрые новыя праблемы, даследчыцкія далягляды ў вывучэнні таго найскладанейшага часу.

      Каб глыбей зразумець падзеі катастрафічнага для свету 1939 г., неабходна пачаць вывучэнне з вынікаў Першай сусветнай вайны. Беларусь тады ўпершыню акрэслілася