– Кароткі век чалавечы, як і ўсялякай дзяржавы, акрамя Нябеснай, – не адрываючы вачэй ад агня, загаварыў Максім Грэк. Гарачыя языкі ўсполыхаў адлюстроўваліся ў ягоных валошкавых зрэнках і, здавалася, вось вось расплавяць іх. – Я прачытаў некалькі летапісаў і хронік аб тым краі. Розных. Масква нараджалася як калонія, заснаваная русамі ў чужой фінскай зямлі. Яшчэ два тры стагоддзі таму Масковія гарэла ў братазабойчай вайне паміж нашчадкамі Уладзіміра Манамаха. Юрый Даўгарукі ачоліў войска калонію і падаўся на паўночны ўсход шукаць новыя землі. Ішоў той дарогай, па якой і мы: праз лясы, між ложаў Дняпра і Волгі… Падпарадкоўваў сабе іншыя плямёны. І збудаваў паходны лагер перасяленцаў, які і стаўся Масквой… Затым, як Божае пакаранне за пралітую кроў – доўгае нашэсце арды.
…Дагарэла вогнішча. Зыркае яшчэ вуголле насыпалі ў катлы і глыбокія жалезныя місы, паставілі ў вазы: яшчэ з гадзіну дзве будуць леціць грэць. Запрэглі коней – і санны караван выбраўся з прылеску ды зноў пасунуўся заснежанай поймай ракі.
Сонца – як аграмадны мандарын з афонскага саду – завісла злева ад іх і, здавалася, не спяшыла заходзіць за ледзяны небакрай, баючыся абмарозіцца. А як прыгожа некалі, думалася Максіму Грэку, яно садзілася ў фіялетава малочныя хвалі – нібыта няўцерп было, перагрэтаму, нырцануць у марскую прахалоду… «Чаму сонца асвятляе ўсю зямлю? Бо вандруе па свеце, – згадаліся словы прападобнага брата Філафея. – Так і святая кніга павінна асвятляць землі Гасподнія…».
Раптам успалашыліся коні. «Ваўкі! Ваўкі ы ы!!!» – закрычалі ззаду. Максім Грэк адхінуў скураную апону і адразу ж убачыў іх: доўгая зграя гонкіх шэра чорных звяроў злятала са снежнага ўзгрыўку наперарэз ягоным саням. Два ўпрэжаныя конікі нярвова захраплі, заматлялі прыўзнятымі галовамі – і рванулі ўбок, далей ад ікластай зграі. Дзесьці пад імі і снегам рака нечакана падала ўніз. Водны парог быў нябачны пад снегам, хоць і не замерзлы.
– Стой! Сто ой!!! – роў на коней вознік, а на возніка – праваднікі з абозу. Гохнулі некалькі пішчольных стрэлаў, і ў той момант палазіна саней натыркнулася на штось цвёрдае (камень?), сані рэзка віхнуліся набок, штосьці пад імі хруснула – і Максіма абдало марозным агнём. Ён хапіў паветра – і ледзь не захлынуўся вадой. Узняў руку, зачапіўся за апону і паспрабаваў прыўзняцца – ды зноў уваліўся ў марозны кіпень. Затым чыясь моцная рука сціснула ягоную – і выцягнула на свет Божы…
Конец ознакомительного фрагмента.
Текст предоставлен ООО «ЛитРес».
Прочитайте эту книгу целиком, купив полную легальную версию на ЛитРес.
Безопасно оплатить книгу можно банковской картой Visa, MasterCard, Maestro, со счета мобильного телефона, с платежного терминала, в салоне МТС или Связной, через PayPal, WebMoney, Яндекс.Деньги, QIWI Кошелек, бонусными картами или другим удобным Вам способом.