У сваёй кнізе «Вілія і яе берагі» граф Канстанцін Тышкевіч з Лагойска, вучоны і пісьменнік, якім ганарыцца ў нас пакуль толькі беларуская «свядомая» інтэлігенцыя, рыбалоўству на р. Віліі прысвяціў цэлы раздзел (IV).
Кніга нашага выдатнага земляка выдадзеная на польскай мове ў 1871 г. у Дрэздэне па матэрыялах экспедыцыі, здзейсненай ім у 1857 г. па Віліі. Была таксама складзеная карта ракі з падрабязна апісанымі перакатамі, парогамі, камянямі. Да гэтага свету былі вядомыя апісанні ўсяго трох рэк: Дуная, Рэйна і Тэмзы. Вілія – на ганаровым чацвёртым месцы.
З усёй разнастайнасці іхтыяфаўны Віліі ўдастоіліся ўвагі графа Канстанціна толькі 15 асноўных рыб, якія ў той час «звычайна лавіліся»: шчупак, акунь, лінь, лешч, плотка, мянтуз, сом, бялуга, язь, вугор, галавень, выразуб, ласось, цырта і невядомы навуковай сістэме ганец. Рыба, зваўшаяся на рэгіянальнай простанароднай мове “ганец” была невядомая К.Тышкевічу, а гэта ж быў жэрах, які так сама іначай зваўся ў вярхоўях Віліі балень і жэраспень, што прывяло да памылковага меркавання графа, аб тым, што “ганец” не быў яшчэ не ўключаны ў навуковыю сыстэму.
Даведка. Іхтыяфаўна Віліі цяпер прадстаўленая 49 відамі рыб, 11 відаў заселеныя ў вадаёмы з мэтай гадоўлі. У Віліі жывуць тры прадстаўнікі кругларотых: міногі ўкраінская, ручаёвая і рачная. Сучасная іхтыяфаўна рэк і азёраў Беларусі шырэйшая, чым у Віліі, – прадстаўленая 69 відамі рыб, сярод іх тры міногі; больш за 40 відаў рыб з’яўляюцца абарыгеннымі. Аднак адзінымі буйнымі рэкамі ў сухапутнай Беларусі, звязанай наўпрост з морам, куды ідзе на нераст рыба, засталіся Вілія (бо яна ўпадае ў Нёман ніжэй Каўнаскага вадасховішча) і Заходні Буг, Нараў, што ўпадаюць у Віслу. Але вадасцёкі басейна Віслы (рэкі Заходні Буг, Нараў) на тэрыторыі Беларусі наўрад ці калісьці мелі нераставае значэнне для ласосяў і цырты, паколькі не адпавядаюць неабходным патрабаванням ні па гідралагічных, ні па грануламетрычных параметрах.
Пасля таго, як мінула амаль 160 гадоў з апісанай графам Канстанцінам Тышкевічам разнастайнасці, тры віды рыб зніклі цалкам. Гэта два прахадныя віды, што заходзілі з мора на нераст, – балтыйскі сіг і бялуга (атлантычны асётр або нямецкі асётр), і адзін абарыгенны від – выразуб. Колькасць астатніх відаў рыб скарацілася да крытычнай адзнакі. Практычна зніклі (па словах мясцовых жыхароў) неўзабаве