Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Збор твораў
Жанр произведения: Литература 20 века
Год издания: 1962
isbn: 978-985-02-1550-5
Скачать книгу
гэта было даўно. Ён заўжды абараняў яе. Дзіўна, але Андрэй ніколі не баяўся кепікаў наконт «жаніха і нявесты», якія строілі хлопцы, адказваў на іх словам, а часам і кулакамі. Не саромелася нічога і яна. Яны паўсюль хадзілі разам, рука да рукі, і асабліва палюбілі бываць на адхонах Дняпра, зарослых такімі густымі садамі, што нават у спёку там былі вільгаць і холад.

      Яны стаялі, успёршыся на балюстраду, перад імі плавілася ў сонцы рака, і здалёк, з царквы Купальніцкага манастыра, якая пакуль што яшчэ дзейнічала, даляталі па вадзе далёкія, зусім шкляныя ўдары званоў.

      Гэтую дзіцячую ідылію перарвалі грымоты страшнай буры.

      Бацькі Андрэя не паспелі эвакуіравацца: горад бамбавалі ў першую ж раніцу, а потым, вельмі хутка, насунуўся фронт…

      Далей падзеі мільгалі, як у калейдаскопе.

      Адзін з першых партызанскіх атрадаў у Асінавецкіх лясах. Маці – медсястра, бацька – падрыўнік і разведчык. Страшэнныя баі. Дарэмныя спробы сілай чатырохсот дрэнна ўзброеных людзей спыніць хоць частку навалы. Потым – блакада.

      Двух хлопцаў-разведчыкаў, якiя пайшлi шукаць выйсця, схапiлi i пад іхнія крыкі: «За Беларусь! За Сталіна!» – расстралялi ля сцяны фельдкамендатуры.

      Стала ясна, што даросламу не пралезці праз шчыльнае кальцо.

      I тады бацька прыйшоў да маці ў яе «медпункт» – дзве прасціны, нацягнутыя пад сасной, – загадаў прывесці Андрэя, доўга маўчаў, гледзячы на яго прасветленымі вачыма, а потым сказаў жонцы:

      – Ну вось, ты яго гераізму і самаахвярнасці вучыла… цяпер, хоць зарана, прыйшоў і яго час…

      Голас бацькі гучаў іранічна і злосна, але маці ўсё зразумела. Страшэнна збялелая, яна глытнула нешта і, гледзячы ўбок, сказала:

      – Не прыкідвайся іранічна настроеным. Я ад сваіх слоў не адмаўляюся. Ён самы моцны і самы разумны з дзяцей лагера. I ён мой сын.

      Яна акінула позіркам ладную постаць Андрэя, глянула ў не па-дзіцячы сур’ёзныя вочы. Веі яе задрыжалі. Яна дадала:

      – I ён будзе вельмі асцярожны.

      I Андрэю пашанцавала там, дзе не пашанцавала двум хлопцам. Яму ўдалося прайсці праз заслоны ў вёску Ражкі і прывесці адтуль дзеда-правадніка, які ведаў другі выхад праз дрыгву, да якой іх прыпёрлі.

      Потым было адступленне праз агонь, дзясяткі плытоў з людзьмі, якія плылі па вірлівай вадзе Дняпра, торкаючыся ў розныя бакі паміж соцень вадзяных слупоў, што ўраз то вырасталі, то спадалі.

      Потым Андрэя з другімі дзецьмі перакінулі з першым самалётам праз лінію фронту: з вышыні ён здаваўся такім прыгожым ва ўспышках зенітак і рознакаляровых радках куль, якія трасіравалі.

      Затым была Масква напярэдадні першай зімы: сляпыя вокны, сінія лямпачкі ў пад’ездах, ямы на аколіцах, абстракцыянісцкая мазаніна на плошчах, мазаніна, што павінна была ашукваць самалёты ворага.

      А па начах пранізлівае выццё сірэн. Андрэю здавалася, што гэта апошні марсіянін у адчаі крычыць на вуліцах мёртвага го рада.

      Дзіўна, але хлопец, у мінулым пяшчотны і ласкавы, як дзяўчынка, не баяўся ні сірэн, ні бамбёжак.