Леаніды не вернуцца да Зямлі. Уладзімір Караткевіч. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Уладзімір Караткевіч
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Збор твораў
Жанр произведения: Литература 20 века
Год издания: 1962
isbn: 978-985-02-1550-5
Скачать книгу
сказала яна амаль сурова. – Чым я магу ад дзякаваць за ўсё? Толькі словам. Дай вам Бог шчасця. I вам, і дзецям, і ўсім нашчадкам вашым. Дай Бог, каб мае ўнукі ніколі не варагавалі з вашымі.

      – Рушай, – сказала яна фурману пасля хвіліны цяжкага маўчання. – Бывайце, дарагі.

      – Бывайце.

      Брычка павольна пакацілася па дарозе. Гораў хацеў было ўжо саскочыць з прыступкі, але яна ўзяла доўгімі далонямі яго галаву і прыцягнула яе да сябе на грудзі. Пацалавала ў высокі лоб.

      Ён нахіліўся і прыпаў вуснамі да бязвольнага сугіба ля кісці яе рукі.

      – Ідзіце… Ідзіце, – шэптам сказала яна.

      Споўнены гаротным неўразуменнем, бунтуючы ўсім сэрцам супраць сляпой сілы, якая няўмольна разлучае людзей, Гораў скочыў з прыступкі. Брычка пакацілася хутчэй.

      Бясконцыя лугі ляжалі вакол.

      А ён стаяў і глядзеў, як брычка, зрабіўшыся цёмнай кропкай, знікала недзе пад чорнымі хмарамі, ад якіх цягнуліся да зямлі шэрыя пасмы дажджу.

      Так скончылася гэта гісторыя. Ураган размёў чалавечыя існаванні і не дазволіў ім сустрэцца зноў. Паўстанне грымела, усё далей адсоўваючыся на захад, а ў Прыдняпроўі настала ўжо «заспакаенне» і «ўціхаміранне».

      I тады да Горава пачалі прыглядацца. Смерць Пора-Леановіча некаторым здалася падазронай. Доказаў не было і не магло быць. I ўсё ж агульнае падазрэнне было такім, што Гораў хутка быў вымушаны падаць у адстаўку.

      Незадоўга да гэтай знамянальнай падзеі яго, памятаючы бой пад Ракавам, узнагародзілі медалём «За ўціхаміранне»… Медаль ён не насіў.

      I пайшло далейшае жыццё, такое, як ва ўсіх. Жаніцьба. Масква. Усё тое, аб чым ён марыў за дзень да падзей на пароме.

      Няскора ён зразумеў, што паром і жахлівая вераб’іная ноч былі водападзелам яго жыцця, што ўся плынь яго існавання і думак пацякла з той ночы ў зусім іншым напрамку. А калі зразумеў,– агарнула туга.

      Яна прыходзіла нячаста, чамусьці часцей за ўсё ў дажджлівыя асеннія ночы. I тады ў вачах паўставаў далёкі край бязлюддзя, крыжы на ростанях, павалены лес паабапал дарог і імклівая быстрыня Дняпра з лядаштым паромам ля адхону.

      Ён быў шчаслівы, але чамусьці ў непатольнай цемры начэй усё часцей успамінаў кнігавак над лугамі, шэрыя завесы дажджу і рукі з доўгімі пальцамі, рукі, што сціскалі яго скроні, рукі той, якая знікла, каб ніколі больш не сустрэцца з ім.

      У неасэнсаваным жаданні ажывіць гэтыя і без таго жывыя ўспаміны, вярнуць страшны, самы лепшы час свайго жыцця, ён імкнуўся да мінулага, настойліва ўваскрашаў яго, аж да ліслівага дакранання мокрага ліста вяргіні.

      У познюю восень успаміны з прыемна-балючых ставалі нясцерпнымі. I тады, каб хоць трошкі перажыць неадольныя чары той зямлі, якая ляжыць недзе і кліча прызыўным клічам, што нельга згасіць у сэрцы, – Гораў браў паляўнічую стрэльбу і знікаў з Масквы. Усё адно куды. Толькі б далей, толькі б стаялі вакол голыя цёмныя лясы, толькі б у свісце ветру чуўся водгук той навальніцы, якая шматавала чорныя вольхі над паромам.

      Шаснаццатага лістапада тысяча восемсот шэсцьдзесят шостага года, падчас адных з такіх уцёкаў,