Неруш. Віктар Казько. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Віктар Казько
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2016
isbn: 978-5-340-00518-2
Скачать книгу
ходзяць каля іх даўгалыгія палешукі-антоны, ледзь пакалыхваюць крыламі бусліхі, нібыта хусцінкамі памахваюць. Скончыўся джаз, адгрымелі бугі-вугі, і ўжо вясковая полька-трасуха віхурыцца па лузе ў святле чырвонага на захадзе сонца. I ўсё ў цішы – словы, музыка, скокі – пад задуменным ружовым сонцам. I доўгачаканая прахалода ў грудзях ад гэтага птушынага карагоду, нібыта прыпаў ён, Мацвей Роўда, да нейкай не перасохлай яшчэ крыніцы і п'е, п'е – аж зубы ломіць, аж нямеюць пальцы – сцюдзёную ваду, ваду родных палёў, родных лясоў, Палесся. Буслы па сенажаці пад лагодным на захадзе ружовым сонцам – гэта і ёсць само Палессе. Мацвей пачынаў разумець тое, што раней лічыў бабскімі забабонамі: чаму не толькі сяляне паважнага веку, але і маладыя дзеўкі, што просяцца ўжо замуж, так чакаюць вясной буслоў. Ведае бусел, здольны ён прадказаць, напрарочыць дзеўцы яе лёс. Убачыла яна яго адразу, як толькі вярнуўся ён з цёплых краін, на буслянцы – і ёй яшчэ ў бацькаўскай буслянцы год сядзець, а калі прыглядзела, што ляціць антон – паляцела неўзабаве і яна з роднага кубла: згуляюць яе вяселле сёлета. I згадвае Мацвей, што расказваў яму некалі Махахей пра буслоў. Верыць насуперак таму, што чуў потым ад іншых людзей, чуў ад вучоных, якія запэўнівалі яго: такога не можа быць, бо гэта супярэчыць прыродзе. Прыродзе, акрамя чалавека, ніхто і нішто не супярэчыць. Няхай гэта казка, няхай паданне, але страшнае паданне і дзівосная казка. I не можа не верыць ёй чалавек, які яшчэ мае душу. А душа яшчэ чагосьці прагне, яшчэ не зняверылася, яшчэ спадзяецца і будзе спадзявацца, пакуль не заплюшчацца вочы, не патухне ў іх святло. Уварваліся ў Княжбор першыя немцы, калі час жыта ўжо жаць, на матацыклах – выскачылі з гэтага жыта. Узнялі ў неба буслоў. Разгергеталіся, свету белага нябачна: гусі, гусі, гусі. I давай з аўтаматаў, з шмайсераў сваіх па гэтых гусях смаліць. Падстрэлілі аднаго, ён, як камень, і ўпляскаўся ў дарогу, пыл, пясок, посвістам назаўсёды складзеных крылаў уліўшыся ў вясковы галас, лямант. А чарада бусліная, як і людская, зведаўшы, што такое немцы, ратавацца да роднага балота, да лесу рынулася. Засталася ў небе адна толькі птушка. Тры кругі над сваім забітым гаспадаром зрабіла, вестуном закрычала і ўгору, да сонца ўзвілася. Махахей расказваў, што ён ледзьве не аслеп, гэтак сачыў за ёй. Слёзы вочы засцілі, і здалося яму з зямлі, што дасягнула птушка сонца; згарэла ў ім, сама ператварылася ў сонца, у сонечную палаючую кропку. Але кропка гэтая раптам стала ўвачавідкі расці, насоўвацца на зямлю, на немцаў, на яго, Махахея, ішла з неба на грэшную зямлю, як нейкі белы ўсёспапяляючы снарад, як адплата, як кара чужынцам. I немцы, і вяскоўцы як адплату, як кару і ўспрынялі яе. Махахею так падалося. Памсцілася яму, што вось зараз вогненная птушка, дасягнуўшы сонца, і сама, як жар, грымне ў зямлю перуном, і зямля, цвердзь яе, расступіцца, надвае расколецца. З расколіны выдзьмухне агонь і залье ўсё навокал агнём і пажарышчам. Так яно і было. У цішы, у аняменні нейкім сваіх і чужынцаў грымнула перуном на зямлю птушка, здрыганулася зямля пад нагамі ў Махахея, ускінулася ў грудзях сэрца, а з сэрца шуганула агнём, спёкай у вочы. Захісталіся, паплылі ў вачах Махахея