Паступова кніга стала для яго магічным аб’ектам: яна была ў цэнтры і вакол яе выбудоўваўся ягоны сусвет.
Ён вазіў яе з сабой ва ўсе падарожжы, нават на будаўніцтва кароўніка ў Пскоўскай вобласці, на якое ён патрапіў улетку пасля другога курса і на якім атрымаў дадатковую кваліфікацыю бетоншчыка трэцяга разраду.
На пяты год яму даслалі ўльтыматум: альбо ён прыносіць кнігу назад, альбо бібліятэка скіроўвае позву ў суд.
Развітанне было амаль катастрофай.
Каб неяк запоўніць пустэчу, якая ўтварылася пасля Блэйка, яму давялося пачаць пісаць самому, – сказаў ён мне аднойчы.
Калі я быў занадта настойлівы ў сваіх пытаннях пра канцы і пачаткі.
Першы верш Францішка, які ён мне паказаў, быў проста ўзорны. Не ў тым сэнсе, што ён прагучаў і быў пачуты тады, у сваім часе, і надалей заняў пачэснае месца ў зборніках і анталогіях.
Не, ён так і застаўся асабістым дакументам.
Сам Францішак ніколі больш пра яго не прыгадваў.
Але там ужо было ўсё тое, з чаго пазней будзе складацца паэзія Францішка.
Верш быў напісаны па-расейску і нідзе не друкаваўся. Ён захаваўся зусім выпадкова, сярод старых папераў таго часу. Перачытаўшы яго пазней, я раптам убачыў гэты верш зусім па-іншаму. Напачатку я хацеў даць яго беларускі падрадкоўнік, разам з некаторымі маімі каментарамі і заўвагамі, але потым вырашыў адважыцца на арыгінал.
Адважыцца – не толькі таму, што па-расейску.
Але і таму, што я так зжыўся з гэтым дакументам, так насыціў яго самымі рознымі – сваімі – сэнсамі, што цяпер проста баюся выпускаць усё гэта на святло.
Ці сапраўды ў ім столькі ўсяго, колькі я бачу?!
Верш складаўся з васьмі радкоў з нерэгулярнай рыфмай і быў прысвечаны —… Цяжка сказаць, чаму ён быў прысвечаны. Пра што ён.
Сам Францішак назваў яго тады вершам пра кацянятка, хаця ясна, з пэўнай іроніяй.
Тут я мушу зацеміць, што вершы Францішка ад самага пачатку былі… складанымі. Пераказваць іх лінейна было немагчыма. Іх можна было толькі вытлумачваць, падрабязна, слова за словам, расплятаючы нітку сэнсу.
І таму можна было б смела пагадзіцца, што перад намі верш пра кацянятка.
А можа, пра вусціш.
А можа – і гэта таксама там было – пра прадчуванні будучыні.
Яшчэ варта памятаць, што верш напісаны зусім маладым чалавекам, які толькі пачынае пісаць.
Вось першыя радкі, якія ўводзяць настрой альбо асноўны тон верша:
Утренний мир тонок
Как иней в зимнем саду
Усё проста: зімовы сад, змёрзлыя абрысы дрэваў, здранцвелая прыгажосць старой рэчаіснасці, якая існавала да нас і існавала так доўга, што стамілася чакаць абнаўлення, раніцы, сваёй адмены.
У гэтым садзе прачынаецца новая свядомасць і пачынае тварыць свой свет: тонкі і струмкі, нібыта крышталь.
Наступныя радкі