Прыгоды Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата. Людміла Рублеўская. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Людміла Рублеўская
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Электронная кнігарня
Жанр произведения: Исторические приключения
Год издания: 2015
isbn: 978-9-85903-776-4
Скачать книгу
пакутаваць зноў простым людзям, ён не абавязаны. А ўдасканальваць сваё лекарскае майстэрства якраз абавязаны. Вырвіч выкрыкнуў, што прагрэсіўныя дактары, з якімі Лёднік сваё майстэрства ўдасканальвае, зграя злачынцаў і распуснікаў. Бутрым забубнеў, што маніпуляцыі з мазгамі не парушаюць волю Госпада, прышчэпак ад воспы баяліся, верылі, што ад іх людзі ператвараюцца ў кароў. Барон дэ Вард, можа, і непрыемны, і з арыстакратычнымі забабонамі, а доследы аплачвае, і вынікі ўнікальныя. Пані Саламея ўмяшалася – і ёй перапала. Полацкі Фаўст заявіў, што ён пабыў ужо чужой рэччу, і хапіла. Нікому не дазволіць перашкаджаць сваім навуковым пошукам ды ўцягваць у шляхецкую палітычную тузаніну.

      І дзвярыма на развітанне амаль ляснуў – стрымаўся, каб дачушку не спалохаць.

      Бізуноў бы дурню ўсыпаць…

      Пад старым каштанам катрыншчык у саламяным капелюшы накручваў нашмараваную да залатога бляску ручку свайго інструмента, упрыгожанага райскімі пейзажамі:

      – Да дзвюх сясцёр, у дом ля вады

      Прыехаў рыцар малады.

      Бінары, о бінары…

      Пярсцёнак старшай падарыў,

      Бінары, о бінары,

      Ды больш малодшую любіў…

      Вырвіч успомніў, як спявалі лірнікі ў Менску пад вокнамі канвента езуіцкага калегіума падобную ж песню, пра тое, як сястра забіла сястру з-за гожага рыцара. Толькі тут адна другую ўтапіла, а там яны збіралі ў лесе маліну. А прыпеў гучаў “Грай, пастушку, грай”. Дзе той Менск, дзе тая Беларусь…

      Пранціш доўга звыкаў да тутэйшай спёкі – не паходзіш у шапцы з дыяментавым гузам, як належыць шляхціцу. Дамы ўсе каменныя, са светлага пясчаніку, не саломай крытыя – чарапіцай… Нідзе сумленнай драўлянай хаціны не пабачыш! Вуліцы ў мястэчках вузкія і цёмныя, часам вершніку не праехаць. Таполі тут раслі змрочныя, як надмагільныя стоды. Асабліва раздражнялі вока кіпарысы. Нібыта трохі і падобныя да беларускага ядлоўцу, але Пранцішу яны нагадвалі цёмныя лісіныя хвасты. Стаіліся на ўскрайку поля вялізныя лісіцы, вось-вось кінуцца на вандроўніка.

      На цэрквачцы ўдарыў звон… Цэрквачка была прысвечаная Святому Роху. Будучы святы нарадзіўся тут, у Манпелье, і ад нараджэння меў знак у форме чырвонага крыжа на грудзях. У свой час святому ўдалося ацаліцца ад чумы, і ён жа ратаваў ад яе іншых. Таму й лічыўся найлепшым абаронцам ад пошасці, а таксама апекуном хірургаў. Цікава, ці апякуецца ён такімі, як Бяскоўскі? На месцы шаноўнага святога Вырвіч пульнуў бы ў падазронага доктара маланкай…

      Пляц перад домам дэ Варда, палова якога была аддадзеная для патрэб д’ябальскага Таварыства, увесь застаўлены карэтамі. Пранціш угнуў галаву ў плечы, нацягнуў капялюх з абвіслымі брыламі на самыя вочы. Пад шырокім каптанам вельмі зручненька схаваліся шабля ды пісталет. А спякота сёння – пот ажно слепіць. Дзверы чорнага хода лёгка адчыніліся перад пасланцом з лаўкі зяленіўшчыка – а менавіта такую ролю ўзяў на сябе спрактыкаваны шпег Вырвіч, не паленаваўся цэлы мех з арцішокамі прыцягнуць.

      Але