Калі Бой на ловах адыходзіў ад сяброў і акружалі яго ліхадзеі, дык ён разганяў і забіваў іх, пускаючы сваіх дужых сабак. Няраз, калі заблукае ў далёкіх лясах, сабакі, ідучы наперад, выводзілі яго на дарогу і да самага дому.
Шмат разоў гэтыя сабакі ратавалі гаспадара ад небяспекі і былі найпрыемнейшаю забаваю ў яго жыцці. Загадаў ён падданым сваім, каб шанавалі сабак і віталі іх як найважнейшых асобаў з ягонага почту. А калі ад старасці сабакі адзін за адным памерлі, дык за заслугі прызначаны былі ім святыя дні.
Люд збіраўся на тое месца, дзе закапалі іх косці, прыносіў пітво і ежу. Гулялі да позняе ночы. Рэшткі пачастунку і косці кідалі ў вогнішча, паўтараючы імёны двух ганчакоў – «Стаўры! Гаўры!» і выклікалі іх цені з таго свету.
І цяпер яшчэ паміж людам у асобных вясковых хатах патаемна спраўляюць тое свята раз на год – перад Сёмухаю.[81] Гаспадар бярэ які ласы кавалак, нахіляецца пад стол і тройчы паўтарае:
– Стаўры, Гаўры, гам, пріхадзіце к нам!
Я чуў, што на кліч некаторых з’яўляліся велізарныя чорныя сабакі і адразу знікалі. Можа, гэта камусьці здалося; можа, гэта справа злых духаў, а можа, проста фантазія люду беларускага, якому заўсёды мрояцца чары і духі ў размаітых постацях, і ў кожнай з гэтых істотаў свой абавязак: духі водныя,[82] духі зямныя[83]], хатнія[84]], вартаўнікі лясоў[85] і скарбаў[86].[87]
Полацак
Мінаю пушчы і вось на шырокай раўніне бачу горад Полацак. Вежы касцёла св. Стафана,[88] на замкавай гары – царква св. Сафіі,[89] якія, стоячы ў тумане, здаецца, імкнуцца да воблакаў; іх постаці-веліканы пануюць над горадам і над усёй ваколіцай. Гледзячы на ўсю гэтую мінуўшчыну, я ў думках стварыў яе вобраз; да сэрца падступіў смутак, і са слязьмі на вачах сустракаў я гэтыя высокія муры.
Акунуўшыся ў журботныя ўспаміны, падыходжу да горада; сады Спаса[90] нагадваюць мне травеньскія праходкі, тэатр сярод густых ліпаў на вольным паветры; там юначае ўяўленне пад клапатлівым вокам настаўнікаў найперш вучылася пазнаваць Творцу гэтага свету, Яго апеку над кожным стварэннем і захапляцца прыгажосцю неба і зямлі.
Недалёка ад Палаты стаіць мураваны касцёл св. Ксаверыя;