Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях (зборнік). Ян Баршчэўскі. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Ян Баршчэўскі
Издательство: Электронная книгарня
Серия: Школьная бібліятэка
Жанр произведения: Зарубежная классика
Год издания: 1844
isbn: 978-985-02-1547-5
Скачать книгу
ад Арыны, умее вусны завязваць! Вой, вой! Глядзі, каб не быў кульгавы, як твая будучая цешча. А ці ведаеш, чаму яна на левую нагу трохі кульгавая?

      – Маўчы, калі з табою ніхто не хоча гаварыць.

      – Ніхто не хоча гаварыць, дык будуць слухаць. А я раскажу ўсім – паслухайце! – раскажу вам, чаму Арына кульгавая. Гэта ў яе Грышкаў падарунак. Сам апавядаў мне пад сакрэтам.

      Аднаго разу ўвечары, як сонца села, вяртаўся ён з касою з поля дамоў і пачуў голас чараўніцы, якая выклікала каровы, называючы кожную паводле масці. У вечаровай цішы чуваць было, як па вёсках адзываліся рыкам каровы; зарыкалі таксама і ў ягонай аборы. Ён перапалохаўся, што застанецца без малака, бяжыць туды, адкуль чуўся голас, каб даведацца, хто тая чараўніца, падкрадваецца аселіцаю і што ж бачыць? Арына, седзячы на плоце з ускудлачанымі валасамі, дзікім спевам спраўляла чары.

      «Будзе дрэнна, – падумаў сабе. – Трэба ёй як-небудзь перашкодзіць». Дык бяжыць дадому і кладзе над дзвярамі ў аборы свянцоныя зёлкі і васковую свечку. Ледзь адышоў колькі крокаў, бачыць, прылятае сарока, разграбае зёлкі і дзяўбе свечку. Грышка бяжыць у хату, хапае стрэльбу, набітую дробным шротам. Стрэліў – пасыпаліся пёркі, аднак сарока паляцела прэч.

      На другі дзень пачуў, што Арына параненая ў левую нагу і хворая ляжыць у ложку. Зразумеў усё і думае сабе: «Мае памятку». Аднак баяўся помсты, бо хутка завязала на яго залом у жыце. Але залом ён спаліў на асінавых дрывах, і чараўніца сама ледзь не загінула.

      Васіль у гневе схапіў бутэльку, кінуў яе ў Максіма – трапіў у самыя грудзі. Падскочылі адзін да аднаго, і ўсчалася бойка.

      На шчасце, з блізкага маёнтка ехаў конна аканом і, чуючы пранізлівы крык арандара, павярнуў да карчмы. Ёсель бяжыць насустрач аканому.

      – Ай, дабрадзею, забойства ў карчме, гвалт, што тыя п’яніцы шкоды мне нарабілі!

      Саскочыў аканом з каня, умешваецца ў мітусню, пагражае, што заўтра за п’янства ўсіх сурова пакараюць і кожны з іх заплаціць за ўчыненую шкоду. Умомант угаманіліся.

      Аканом выганяе іх з карчмы і загадвае ўсім ісці па сваіх хатах. Гэтак і разышліся ў розныя бакі, пагражаючы адзін аднаму адпомсціць.

      Ёсель расказаў аканому, як усё было, пра ўсе прычыны звады, не вінавацячы, аднак, Васіля.

      – Трэба пра гэта пагаварыць з панамі. Плятуць дурні немаведама што; дарэмна крыўдзяць бедную ўдаву і дзяўчыну, якая ні ў чым не вінаватая. Балбочуць пра нейкія Арыніны чары, я раней гэта не высвятляў, ды толькі ведаю, што яна зёлкамі многім людзям дапамагае. Вось нядаўна сам бачыў, як у маёнтку паненцы Тарэзе вылечыла лішай на твары. Праўда, кладучы ў халодную ваду нейкія каменьчыкі, яна пашаптала, і халодная вада кіпець пачала, як бы на агні; казала мыць гэтай вадою твар, і пані Тарэза хутка ачуняла. Такія чары не толькі нікому не шкодзяць, але, наадварот, карысныя людзям.

      – Як пан аканом шчырую праўду кажа, няхай пан так і паведаміць ягамосцю і імосці,[59] бо аж балюча слухаць, калі так людзей крыўдзяць. Ай, была ў мяне добрая салодкая гарэлка, ды бутэльку разбілі жлукты і гарэлку выпілі. Сора, падай – там яшчэ ёсць


<p>59</p>

Пану і пані. «Подовай перші егомосцю, а потым імосці» (І. Насовіч. «Словарь белорусскаго наречія»).