Создано в интеллектуальной издательской системе Ridero
У пошуках страчанай навізны
Аляксей Крывалап
Звычайна студэнцкія працы не ўспрымаюцца сур'ёзна акадэмічнай супольнасцю, бо яны з'яўляюцца часткай адукацыйнага працэсу. У дадзеным выпадку з амаль што сарака тэкстаў было магчыма адабраць сем, якія адрозніваюцца ад іншых і вылучаюцца сярод іх. Дарэчы, гэта чарговае пацверджанне правіла 20/80, сфармуляванага Вільфрэдам Парэта (Vilfredo Pareto). Адзін з базавых навыкаў, які магчыма атрымаць і, можа быць, нават паспець замацаваць падчас навучання ва ўніверсітэце, – гэта здольнасць пісьмова і абгрунтавана выказваць свае думкі, што амаль аўтаматычна прадугледжвае неабходнасць знаёмства з аргументамі папярэдніх даследчыкаў, каб зразумець іх і паспрачацца з імі. Таму і да гэтага зборніка студэнцкіх эсэ неабходная прадмова, каб увесці ў кантэкст курсу «Масавыя камунікацыі: новыя медыя», у межах якога яны і былі напісаны вясной 2017 г. студэнтамі Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта фінансава-эканамічнага факультэта спецыяльнасці «Сацыяльныя камунікацыі».
З моманту з'яўлення ў 2001 г. праграмнага тэксту Льва Мановіча «Мова новых медыя»1 ўжо прайшло сямнаццаць год, а тэкст Ціма О'Рэйлі «Што такое Web 2.0»2 з'явіўся на яго сайце ў 2005 г. і пазней быў неаднаразова перадрукаваны ў акадэмічных выданнях. Але ж даследчыкі і сёння спрабуюць патлумачыць тое, што адбываецца ў інтэрнэце, заканамерным вынікам дзейнасці новых медыя. Аднак, калі гэтыя тэксты былі напісаны, шмат з таго, што на сённяшні дзень успрымаецца як тэхналогіі новых медыя, проста фізічна не існавала. Гэта значыць, што новыя медыя канца ХХ стагоддзя маюць некаторыя істотныя адрозненні ад таго, што мы адносім да гэтай з'явы ў пачатку ХХІ стагоддзя. Што было новым напрыканцы ХХ стагоддзя, згубіла сваю навізну на пачатку ХХІ стагоддзя.
Мэта дадзенага зборніка – высветліць змены ў разуменні феномена новых медыя ў сацыяльна-гуманітарных навуках на працягу апошняга дзесяцігоддзя. Калі раней найноўшыя тэхналогіі камунікацыі выклікалі пераважна аптымістычныя візіі будучыні, то цяпер, сутыкнуўшыся з некаторымі адмоўнымі наступствамі, усё больш гучна прапаноўваюцца песімістычныя прагнозы будучыні. І гэта не абавязкова катастрафічныя наступствы ад штучнага інтэлекту ці тэхнагенныя катастрофы. Кожная тэхналогія калісьці была новай. Новыя медыя, зыходзячы з назвы, імкнуцца захаваць за сабой права заставацца новымі як мага даўжэй. Пры гэтым радыкальных тэхналагічных змен не адбываецца, замест гэтага пашыраецца сацыяльнае выкарыстанне новых медыя. Некаторыя формы сацыяльнага ўзаемадзеяння пераносяцца ў віртуальную прастору і губляюць уласную форму першапачатковага існавання.
Сабраныя ў гэтым зборніку тэксты прапануюць бачанне сітуацыі ў галіне новых медыя вачыма прадстаўнікоў Z-пакалення, для якіх інтэрнэт існаваў заўсёды. Калі для жывых класікаў новых медыя інтэрнэт з'явіўся падчас іх актыўнай навуковай і не толькі навуковай дзейнасці, то для аўтараў гэтага зборніка інтэрнэт быў заўсёды. І гэта прынцыповае адрозненне.
Фактычна радыкальныя пераўтварэнні ў галіне новых медыя, якія адбываюцца літаральна ў нас на вачах, магчыма ўмоўна падзяліць на пяць буйных катэгорый. Некаторыя з іх падрабязна разглядаюцца ў дадзеных эсэ, іншыя яшчэ чакаюць свайго асэнсавання.
Першае – гэта спажыванне. Спажыванне, кіруемае прагай задавальнення, зрабілася асноўнай формай выкарыстання новых медыя. Пры гэтым задавальненне можа ўспрымацца дастаткова шырока: ад індывідуальных формаў актыўнага саўдзелу ў працэсе спажывання да інтэрпасіўнасці3, апісанай С. Жыжэкам як дыстанцыйнага задавальнення з дапамогай Іншага. Калі бум і росквіт актыўнасці блогераў паступова знікае, саступіўшы лідарства Facebook. Папросту гартайце сваю стужку навін далей, Facebook «пераварыўшы» блогерскую рэвалюцыю новых медыя. Як адзначае гуляючы словамі Гірт Ловінк, «blogito ergo sum»4. Калі блогі на хвалі нігілізму і пратэсту ў дачыненні да культурнага мэйнстрыму атрымалі дастатковую прыцягальнасць і іх нельга было не заўважаць, то ўвесь пратэсны патэнцыял быў скіраваны ў бок відовішчных шоу, а відэаблогеры завяршылі гэты працэс. Калі ад першаснага імпульсу тактычных медыя ў сучасных фэшн-блогераў не засталося нават і ценю крытычнага асэнсавання сацыяльнага жыцця.
Другое – гэта выклік для прыватнасці ў тым выглядзе, у якім мы яе разумелі раней. Прыватнае жыццё не ўжываецца разам з існаваннем віртуальнай публічнай прасторы. Абавязкова знойдзецца нехта «таленавіты», хто запосціць у сацыяльныя сеткі фотасправаздачу з прыватных імпрэз, якія мусілі быць абароненымі ад выпадковых сведак. Развіццё тэхналогій пабудовы алгарытмічнай ідэнтычнасці пераўтварае карыстальнікаў у набор метададзеных, якія сведчаць пра практыкі спажывання медыя нават больш, чым бы яны хацелі распавесці пра сябе іншым. Прывід шклянога чалавека, празрыстага для вачэй карпарацый, – усе бліжэй.
Трэцяе – праблема ўласнасці: хто/што каму належыць падчас выкарыстання новых медыя? Паводле ўмоў рэгістрацыі асабістых акаўнтаў у большасці сацыяльных сетак карыстальнікі адмаўляюцца ад