У 1874 г. Леанард Іваноўскі і яго сябар Вацлаў Карафа-Корбут (яны пасябравалі падчас перабудовы вінакурні ў Рокішаках) – пабраліся з сёстрамі Ядвігай і Хэленай Райхель з ваколіц Пятркова. Сёстры былі выхаванкамі курсаў прафесара Баранэцкага ў Кракаве і, як на тыя часы, мелі добрую адукацыю. Леанард атрымаў за жонку ў пасаг частку маёнтка Райхеляў над ракой Вальборкай каля Вальбромя. Але чужая старонка яго не вабіла. Прадаў гэтую зямлю і за выручаныя грошы павялічыў гаспадарку ў Лябёдцы. Унук Леанарда Іваноўскага Казімір пісаў: «Дзед Леанард, жадаючы выхаваць маладую жонку, цалкам ізаляваў яе ад сваякоў, перасяліўшы на 600 км у Лябёдку, дзе яна мела толькі яго аднаго».
З роду Райхеляў нам вядомы цесць Леанарда Іваноўскага (дзед Алены і Вацлава Іваноўскіх) – барон Амон фон Райхель. Ён паходзіў з Вялікага Княства Пазнанскага і па сямейнай легендзе, служыў у прускім войску ротмістрам гусарскага палка. Гэты полк стаяў каля Гданьска, Райхель нейкім чынам пакінуў ваенную службу і, ажаніўшыся з паннай Хжаноўскай, асеў у Польскім каралеўстве.
Ядвіга Іваноўская з Райхеляў мела сясцёр – Хэлену, Антаніну, Ванду Мамэрту, Хэлену Валерыю, і братоў – Уладзя, Браніслава і Мечыслава. Уладзь меў слабасць да кабет і моцных напояў, і яшчэ яму заўсёды не шанцавала ў карты. Канец свайго жыцця ён дажываў каля сястры ў Лябёдцы. Брат Ядвігі Браніслаў меў сына Мечыслава, які ў ваколіцы Лябёдкі пазнаёміўся з багатай паннай Марыяй (усе звалі яе Мануля) Кандраценка. Пасля паўстання 1863 г. рыма-католікам нельга было набываць маёнткі, і канфіскаваны маёнтак Шайбакполе (раней належаў паўстанцам Александровічам і Плятэрам) за заслугі быў прададзены казацкаму генералу Кандраценку (памёр у 1880 г.). Калі пляменнік Ядвігі Іваноўскай Мечыслаў ажаніўся з Марыяй (дачкой Кандраценка), гэты стары маёнтак перайшоў у рукі Райхеляў.
Як ужо адзначалася, Леанард Іваноўскі вельмі любіў падарожжы, ён часта атрымліваў даручэнні за мяжой: прымаў удзел у міжнародных выставах і стаў спецыялістам у гэтай справе. Праца на выставах вымагала шмат часу праводзіць у Парыжы, Турыне, Вене ці Берліне. Паўсюдна ён меў знаёмых і нідзе не пачуваўся чужым. З падарожжаў Іваноўскі заўсёды вяртаўся задаволены і поўны энергіі зноў прыступіць да сваёй звычайнай, штодзённай працы. Жыў у Пецярбургу і, здаецца, любіў гэты горад, бо прывязаўся да яго з часоў свайго студэнцтва. Жыў сціпла, але бываў на прыёмах і наведваў абавязковыя, афіцыйныя банкеты. Меў некалькі старых знаёмых, з якімі сябраваў яшчэ з часоў віленскай гімназіі і Тэхналагічнага інстытута. Яго старымі сябрамі былі Ялавецкі, Златніцкі, Навіцкі і іншыя. Сыны Леанарда падчас свайго студэнцтва жылі разам з бацькам у Пецярбургу.
Падчас жыцця ў Пецярбургу Леанард Іваноўскі супрацоўнічаў з хімікам Дзмітрыем Мендзялеевым і перакладаў на ангельскую мову яго лекцыі ў Лонданскім каралеўскім