– Наадварот, – прамовіў я, – многаму. А таму падняць пару келіхаў за жыццё гэта павага да яго.
Я выцягнуў з-пад матраца скуранку, якую не здаў у гардэроб і прыхаваў на ўсялякі выпадак, каб не звяртацца ўвесь час да абслугоўваючага персаналу ды не звяртаць тым самым да сябе ўвагу, і мы рушылі па подзвігі і прыгоды. Янка пазычыў сваю кепку, каб прыкрыць маю лысіну ды забінтаваную галаву, што амаль не хавала бінты, але надавала значнасці галаве.
Пад піва, якое мы пілі ў нейкім скверы паблізу бальніцы, і курыць атрымалася. Цыгарэты не намагаліся збіць мяне з ног і ўцячы як нявесты з загсу. Наадварот, аддана і з любоўю ахутвалі дымам.
Мы чыталі вершы. Кожны свае. Напісаныя за той час, у які не бачыліся. Пілі піва, курылі і чыталі вершы, а пасля іх абмяркоўвалі. Бледнае анарэксічнае восеньскае сонца зверху няўцямна пазірала, але, не сумняюся, прыслухоўвалася да кожнага нашага слова, гэтаксама як вераб’і і галубы, што, быццам гледачы ў тэатральнай зале, паселі вакол нас і ўдавалі сябе за ўдзячную аўдыторыю. Не ставала адно захопленых вопліскаў. Мы так жылі. Мы жылі паэзіяй і не ўяўлялі сябе без яе, не сумняваючыся, што менавіта мы неўзабаве станем народнымі паэтамі Беларусі, як Янка Купала, Якуб Колас і Анатоль Сыс.
Чацвёрты дзень без Насці ламаў мяне як наркамана без дозы. Нават трэсла натуральным чынам, бы ў ліхаманцы, і падскочыла тэмпература. Кожны гук раздражняў і выклікаў непрыхаванаую нянавісць да яго носьбіту. Я ненавідзеў усіх насельнікаў палаты, бо да іх цэлы дзень ішлі ды ішлі наведнікі, шкадавалі, гаварылі прыгожыя словы, ахутвалі клопатам і цяплом. Дзверы стаміліся адчыняцца і зачыняцца, прапускаючы праз сябе нястрымную плынь людзей. Дзверы я ненавідзеў таксама, бо яны абслугоўвалі каго заўгодна, толькі не мяне. Штораз, як яны адчыняліся, я сутаргава дзёргаўся ў спадзеве на з’яўленне Насці, але гэта заўсёды была не яна. Я паціху замярзаў на сваім ложку, апрануты і гатовы да сустрэчы з дзяўчынай у любы час, ды сустрэча, мабыць, аб’явіла мне чамусьці байкот ці палічыла мяне нявартай сябе, пайдзі разбяры, неўпрыкмет скруціўся абаранкам, падкурчыўшы пад жывот ногі, і заснуў, змораны марным чаканнем.
Яна прыйшла пасля ціхай гадзіны ціхім шолахам. Я не пачуў яе, я не адчуў яе, ахоплены, а мо захоплены, бы ў палон, сном, трывожным і тварожным. Паклала на тумбачку авоську з яблыкамі і села побач. Не будзіла, глядзела на мяне і праводзіла далоняй зверху ўніз і знізу ўверх па маёй шчацэ ў дзьмухаўцовым пуху барады, якая паспела прарасці дзе-нідзе кусцікамі пасля галення перад аперацыяй. Так, барадой тое, што нарасло на твары, было цяжка пакуль назваць, і пры жаданні, напэўна, адным моцным подыхам здзьмухнуць не склала б асаблівых высілкаў увесь той пух, што ўзнік на шчоках, як, уласна, дзьмухавец. Насці, відаць, падабалася ці, хутчэй за ўсё, падобным чынам яна ўсё ж мяне будзіла. У якійсьці момант я расплюшчыў вочы і… не паверыў ім. Заплюшчыў зноў, бо падумаў, што ўжо галюцыянаваць