Чалавек даўгавата корпаўся ля дзвярэй, не мог адамкнуць замок, мацюкаўся i бурчэў нешта невыразнае. Нарэшце дзверы адчынiлiся, чыстае паветра ўварвалася ў будку. Бусел адчуў прыемны пах сасны, мяты, свежаскошанага сена. Ад ляснога водару закружылася галава, прыемна было ўдыхаць пах лесу, чуць шамаценне дрэў, хацелася жыць…
– Лягавы, ты жывы? – пачуўся голас з цемры, i адразу па вачах разанула калючае, халоднае святло лiхтарыка. – Жывы, – убачыўшы капiтана, памякчэў голас, але праз хвiлiну перайшоў на крык: – Ён, падла, аббляваў усю машыну…
– Калi цябе садану, як яго, у штаны накладзеш, а мо прамiком сплануеш у» магiлёўскую губерню», – весела прабасiў з цемры Фiлiн. – Цягнi, панясём у склеп.
– Аббляванага не панясу! Няхай валяецца ў будцы, ранiцай усё роўна ў распыл!
– Прышч, рабi, што сказана! – зласлiва прасiпеў Фiлiн, пачуўся глухi ўдар, стогн, лiхтарык звалiўся на зямлю i патух.
«Мянушка другога – Прышч», – толькi падумаў Бусел, як яго ўхапiлi за абедзве нагi i, быццам мех з бульбай, скiнулi з машыны ў высокую, росную траву. Ён балюча стукнуўся спiнай, у галаве адразу загуло, скронi сцiснула неймаверным болем, i капiтан зноў званiтаваў.
– Як мы гэткага панясём? – з нянавiсцю, iстэрычна пераходзячы на крык мацюкнуўся Прышч i, вiдавочна, спаганяючы на Буслу злосць за атрыманы ад Фiлiна кухталь, цяжка пацягнуў капiтана далей ад машыны, шматлянуў у самую крапiву. – Няхай там рыгае! – і, спахапiўшыся, прапанаваў: – Можа, хоць ногi развяжам, западло насiць лягавага!
– Развяжам у склепе, – не зважаючы на Прышчова скавытанне, камандаваў Фiлiн, – ды глядзi пад ногi, каб на лесвiцы мент шыю не зламаў.
– Дапаможам, калi сам не скруцiць, – агрызнуўся Прышч. – Ты з iм цацкаешся, быццам з братам, а я iх ненавiджу…
Бандыты падхапiлi Бусла пад пахi i волакам пацягнулi ў хату. У склепе, куды спусцiлi капiтана, было цёмна, сыра i халодна. На слiзкай, парослай цвiллю цаглянай сцяне, якую выхапiла святло лiхтарыка, праступалi буйныя кроплi вады i павольна сцякалi на зямлю. Гэта гаварыла за тое, што дом стаiць у нiзiне, магчыма, ля балота. Дыхалася цяжка. Прышч пасвяцiў лiхтарыкам у твар i, сапучы, зласлiва прабурчаў:
– Была б мая воля, даўно кiшкi б выпусцiў.
– А ты выпусцi, – з выклiкам, пракаўтнуўшы даўкi камяк, прахрыпеў Бусел.
– З задавальненнем прышыю мянта, – цвыркнуў слiнай Прышч. – Толькi не цяпер, крыху пазней, – ён дастаў фiнку, перарэзаў вяроўку на нагах. – Жывi, падла, ноч у цябе яшчэ ёсць, – злачынец па-блазенску зарагатаў i балюча ўдарыў рукаяткай нажа ў жывот.
Ноччу Буслу заснуць не ўдалося, холад працiнаў да касцей. Каб сагрэцца, спрабаваў прысядаць са звязанымi рукамi, але кожны рух болем аддаваўся ў скронях, кружылася галава.
«Прафесiйна накаўтавалi, – падумаў Бусел, – такiя ўдары мне знаёмыя яшчэ з дэсантуры. Адно незразумела, навошта я iм спатрэбiўся? Калi хтосьцi зводзiць нейкiя рахункi, зрабiў бы прасцей, навошта ўскладняць сiтуацыю, цягнуць невядома куды? Паздзекавацца?.. Не, пэўна, я патрэбны гэтаму Фiлiну для нечага