Захацелі зайсьці ў рэстарацыю, але шыльдачка на дзвярах запэўнівала, што вольных месцаў няма. Ды кавалер супакоіў дам – маўляў, зараз патрапім. Паклікаў ён непадступнага прыдзверніка і падаў таму кардонны простакутнічак…
Неўзабаве кампанія размясцілася ў шыкоўным кабінеце, а здзіваваныя дамы настойліва дапытваліся, што так падзейнічала на адміністрацыю. Сямён Самуілавіч адно толькі загадкава пасміхаўся, але пасля трэцяга кілішка “Гуцульскай” раскрыў інтрыгу.
На візітоўцы з гербам, якую паказаў ён і сваім цікаўным спадарожніцам, было выдрукавана:
МАКСІМ ТАНК
(Яўген Іванавіч Скурко),
Старшыня Праўлення Саюза пісьменнікаў БССР,
дэпутат Вярхоўнага Савета СССР,
член ЦК КП Беларусі,
Акадэмік АН БССР.
Аказалася, што калі замаўляў у друкарні Сямён Самуілавіч візітоўкі Народнаму паэту Беларусі, дык пакінуў з дзясятак асобнікаў сабе. З гонарам паказаў ён і быкаўскія, мележаўскія, шамякінскія візітоўкі, якімі прынагодна карыстаўся, калі надакучвала прадстаўляцца Максімам Танкам.
Зязюля
Літаратар-“узвышэнец” паскардзіўся Змітраку Бядулю, што спаўбрат па пяры нахабна падкочваецца да ягонай жонкі, і папрасіў паўшчуваць лавеласа.
На адной з літаратурных вечарын ахвочы да жаночае ласкі кінуўся да класіка паручкацца: – Вітаю вас, дзядзька Бядуля!
– І ты будзь здаровы, зязюля! – рыфмаю грымнуў у адказ патрыярх прыгожага пісьменства.
– У якім сэнсе, дзядзька Бядуля? Чаму гэта я зязюля?! – зніякавеў той.
– А ў самым простым, у самым прамым! – адказаў, як адрэзаў, звычайна вельмі далікатны ў абыходжанні класік. – Не кладзі яйцы ў чужое гняздо!
Бармен vs драматург
За тое, то падбівалі астатніх працаўнікоў узбунтавацца супраць начальства, саслалі з рэстарана гатэля “Мінск” двух барменаў, Валодзю з Генам. Адкамандзіравалі іх у Дом літаратара, у бар, што мясціўся на першым паверсе, у каміннай зале.
І вось неяк увечары Гена, паклаў рукі на стойку далонямі дагары і разгублена наракаў Міколу Сцепаненку, што лічыўся ў Доме літаратара за электрыка.
– Не можа быць! Такое са мною першы раз у жыцці!
– А што здарылася? – Мікола сербануў прастаўленай Генам кавы.
– Ты, мабыць, не горш за мяне ведаеш: грошы да яшчэ большых грошай самі плывуць, цягнуцца, нібыта прымагнічваюцца. Таму я заўсёды стараюся быць пры грашах, дый немалых. Калі не маю ў кішэні “штукі” ці дзвюх, чалавекам не пачуваюся. А сёння, сёння я сам даў кліенту лішняга чырвонца рэшты! – Гена разглядаў свае ладоні так, быццам аніколі ў жыцці іх не бачыў. – Не дадаць, не даважыць, не даліць – гэта я магу… Але даць лішку?! А ён, ты ўяўляеш, вярнуў мне таго чырвонца!
– І хто гэта “ён”? – недаверліва спытаўся Мікола.
– Ды вунь той мажны барадач у джынсовым гарнітуры. Узяў для пачатку “банку” “Шампуні” ды дзве колбы “Белавежы” на сваю кампанію…
– Ну, ты даеш! Гэта ж савецкі мільянер, драматург Лёша Дудароў! Ды за адно толькі тое, што ягоныя п’есы ставяць ў трохстах тэатрах, пералічваюць яму па дзвесце пяцьдзесят тысяч на год! – Мікола падаў бармену парожнюю філіжанку і паблажліва паляпаў па плячы. – Глядзі, не здай усю сваю дзённую выручку, калі раптам наведаецца сюды празаік Іван Пятровіч Шамякін!
Беспрацоўныя
Ніна Іванаўна Прус была ў Доме літаратара за кур’ера і за прыбіральшчыцу аж покуль не выйшла на пенсію.
А муж у яе рабіў шафёрам. Аднаго разу патрапіў ён у аварыю, ледзь не забіў машынай дзяўчынку пры дарозе. Пасля таго доўга не мог адолець моцнае псіхічнае ўзрушэнне дый сесці за руль. Паставілі яго нават на ўлік у псіханеўралагічны дыспансер, што ў Менску на вуліцы Бехцерава, дый адпаведную адзнаку ў пашпарце зрабілі.
Але час, які найлепшы лекар, браў сваё.
Ачуняў ён. Трэба ж недзе рабіць. Але адно толькі і ўмее, што круціць “баранку”. Ды хто ж яму выдасць правы наноў?!
Узяў ён тады дый спаліў свой пашпарт, а ў новым, атрыманым на падставе метрык ды вайсковага білета, дамаляваў маленькую вертыкальную рысачку – змяніў сваё прозвішча з Прус на Трус!
Заявіўся з тым пашпартам на Бехцерава. Атрымаў па ім даведку, што на ўліку ў псіханеўралагічным дыспансеры не стаіць, а разам з ёю – магчымасць зноў працаваць шафёрам…
А вось у сына Ніны Іванаўны праблемы з працаўладкаваннем узніклі па ягонай уласнай ініцыятыве. І праявіў ён тую ініцыятыву, калі служыў у чыне лейтэнанта ў аддзеле па барацьбе з крадзяжом сацыялістычнай уласнасці і спекуляцыяй.
Доўгі час бясследна знікалі грузы, у асноўным тавары народнага