Лес той быў густы і стары. Хвоя выносілася стромка ў неба. Дуб расціскаў голлем сабе прастору. Пракідаўся граб. Пад навіссю дрэва каляіністыя дарогі расплыліся пад дажджамі і так асталіся. Па іх тут цяпер ніхто не ездзіў. Крокаў за трыста ад гэтакай дарогі, на струхлелым ствале паваленай дупляватай асіны сядзеў малады чалавек. Льга было здагадацца, што ён малады, каб хто бачыў яго ў гэтыя моманты: занадта нешта порстка і жвава ён ускінуў галаву, як толькі пачуў бычынае рыканне. Здавалася, што ён чуе гэта радасную вестку, у кожным разе роўную доўгачаканаму ратунку. Вочы яго ажылі, рысы твару набылі рухавасць. Маладосць жыла на яго твары, нават і з-пад неахайнага шчаціння. Ён даўно не галіўся і можа нават не мыўся. Пячаць таго, што яму не было больш як трыццаць год, ляжала на ім. Рухавасць і бляск вачэй, жывая ўзбуджанасць, як толькі пачуў ён рыканне жывёліны. Ён устрапянуўся адразу, прыўзняўся з трухліны і застыў, прыслухоўваючыся. Вочы яго ўсё так жа свяціліся надзеяй і чаканнем.
Бровы ў яго сыходзіліся дугамі і тонкія губы сціскаліся, калі ўвага яго да якога-небудзь шоргату лістка аб мерзлую кару даходзіла да поўнага напружання. Гледзячы на гэты твар, можа хто-небудзь знайшоў бы тут упартасць натуры. Можа і так. Але аднак жа сціснутыя губы ўздрыгвалі. Магло гэта быць ад холаду, а можа ад прычын, што караніліся ў душы гэтага чалавека? Як бы там ні было, заўважалася ў ім яшчэ і шпаркае шуканне чагосьці вачыма. Вочы, вялікія і шэрыя, не мелі спакою ўвесь час. Каля вачэй збіраліся густа рысы ўважлівасці і да ўсяго навакольнага, і да таго, што рабілася ў самім чалавеку. Нейк заўважалася, што пад брудам, шчаціннем і куродымам твар белы і з рэдкімі вяснушкамі. І валасы павінны быць у чалавека светлыя. Але ў якой неахайнасці і запушчанасці быў ён увесь! Здавалася, што яго спасцігнуў такі злы лёс, прага ратунку, ад якога забіла ўсё іншае, што калісьці жыло ў чалавеку. Да самых воч на галаве насунута была нейкая дзіўная шапка, і здаецца, жаночая, звязапая з шэрай воўны. Вядома, што ён дзесьці выпадкова дастаў яе. Або знайшоў на дарозе, або адабраў у каго. Магло быць і гэтак. Быў холад. Хоць і не была мерзлая зямля, але дзе ляжала вільготнае лісце, там белая намаразь толькі апаўдні, як пачало паднімацца сонца, замакрэла. А чалавек быў у летнім пінжаку, і пад ім адна толькі кашуля, і то мусіць чужая, бо занадта шырокая ў каўняры, які звісаў на пінжаку на самае плячо. Кашуля была з саматканага палатна і зашпілена на шыі вялікім чорным гузікам. Боты на ім былі нямецкія, салдацкія, з нізкімі халявамі і цвікамі ў тоўстай падэшве. А нагавіцы – ватовыя, але з вырваным каленам у адной калошыне. Усё гэта вывалена ў зямлі і выквацана ў некалькі колераў, як быццам сюды сумысля збіралася ўсё, што толькі дзе напаткаць льга было. Ні тое што адчай, а востры смутак час ад часу клаў сваю пячаць на твар гэтага чалавека і пасля сыходзіў. Рух адбываўся і не заціхаў у яго душы.
Хмурнасць дня сплывала. З'явілася сонца. Бялявае святло яго ціха лягло на дрэвы і лісцвяныя накіды. Намаразь замакрэла, з-пад яе выйшла зяленіва на зямлі. Дробная птушка пырхнула ўгары і заспявала. Быццам супакоены, чалавек зноў сеў на трухліну. Птушкі больш пачалі абзывацца. І раптам зноў зарыкаў бык. Чалавек усхапіўся з месца з раптоўнай рашучасцю. Быццам ён хацеў крыкнуць: «Пара, час настаў!» Бычынае [рыканне] ішло лесам раз-поразу. Жывёліна забіралася ў самыя высокія ноты. Жывы голас клікаў на дапамогу. Чалавек азірнуўся наўкола,