I ён замоўк, задумаўся.
– А дзе потым кашалёк дзеўся? – спытаў Вінярскі.
Згубіў. Але ўжо з грашыма! Такая ўжо наша беларуская доля – падбіраць пустое, а губляць поўнае…
Не, усё не тое, – гнуў Васіль. – Галоўнае – не душа, а любоў да Радзімы і каханне да жанчыны…
Вось, правільна! – адразу ж падтрымаў Сымон, але было відаць, што ён падтрымаў бы любыя Васілёвыя словы.
Вінярскі ўспомніў дзяўчыну на могілках, падобную на манашку, і другую дзяўчынку-красуню ў чорнай хустцы, і яму таксама, як і Сымону, захацелася неяк пахваліць бялявага, паддобрыцца да яго.
Якая прыгожая ў цябе дзяўчына, Васіль, – сказаў ён. – Я бачыў там, на могілках…
Міла – гэта цуд. Яна добрая, прыгожая, кахае мяне – а цяпер, пасля смерці бацькі, я зусім адзін у яе астаюся… Але, сябры мае, я ўсё ж – творчая натура!.. Мае нервы ўвесь час узвінчаны, мне трэба альбо цыгарэта, альбо гэтая вось чарка, альбо нешта яшчэ новае… Навая дзяўчына! Я разумею, што гэта спальвае мяне, як свечку, з двух канцоў, але і рады быць бы іншым, ды не магу. Мне хочацца быць паўсюль адначасова: то ў вёсцы, у хаце, жыць аднаму, то праз момант – апынуцца на ялцінскім пляжы, сярод людзей, нырнуць да самага дна, каб салёная вада зайшла ў нос, то хочацца пажыць у сям’і – жанатым, паважным, каб іншыя зайздросцілі, то праз міг хочацца стаць жабраком, гнаным бомжам, ад якога ўсе адварочваюцца, але ў якога на душы – ціха, спакойна, нічога ні ад кога не трэба, а яшчэ праз міг – хочацца быць самым багатым чалавекам зямлі, шахам, са сваім гарэмам… Міла – дзяўчына, якія, можа, нараджаюцца раз у сто гадоў, мне яе Бог паслаў… Чаму я, Вінярскі, і не вінавачу цябе – так выйшла, што сваім свінствам ты памог мне пазнаёміцца з яе бацькам, Стэльмахам Іванам Змітравічам-нябожчыкам… Такой дзяўчыны і жонкі пашукаць. Але…
«Ведае! – з незвычайнай яснасцю, якая бывае толькі ў п’яных, думаў Вінярскі. – Ведае і тое, што Міла хворая, і трэба аперацыя, і што грошы ў мяне…»
– Але Міла – гэта чыстае, нявіннае дзіцё. Вось ты, Вінярскі, спаў калі-небудзь з прастытуткаю?
– Я – спаў! – адазваўся Сымон.
Вінярскі прамаўчаў. Ён успомніў Жану.
А я – ніколі, – сказаў Васіль. – Я здагадваюся, што гэта бруд, пошасць і пошласць, але мая дурная натура хоча і гэта паспрабаваць! З аднаго боку – чыстая, светлая Міла, як сама душа, з другога – якаясьці здаровая, цынічная, распусная…
Дастаеўшчынка, – умяшаўся Сымон.
Не ведаю, што гэта, але мяркуйце самі: калі такая дрэнь пасялілася і жыве ў мяне ў галаве, як я магу ажаніцца з Мілаю? I жыць потым, ірвацца некуды і невядома чаго хацець? Жаніцца я павінен чысты – у тым сэнсе, што ў мяне павінна быць чыстая душа; я павінен быць упэўнены, што ў бруд мяне больш не пацягне, я з уласнага вопыту ведаю, што па чым, і тады я змагу аддаць Міле ўсяго сябе, дарэшты… Пакуль жа мяне нешта мучае, я хачу знайсці прычыну і пазбавіцца ад яе.
Фрэйдызм, – канстатаваў Сымон.
Ізноў выпілі, на гэты раз многа, амаль па поўнай шклянцы, ізноў пабег да стойкі Васіль…
Вінярскі