Раздзел першы
1
Снег пацерушыў трохі і перастаў. Вецер за дзень вымеў белую муку, пазаганяў яе па шчылінах, па закутках. Яркія белыя пасы і латкі толькі дзе-нідзе пярэсцілі панурасць двароў і агародаў.
А холад не толькі не адступіў, а як бы нават узяўся мацней. І днямі, і начамі ўсё стыла на роўнай, шкляной халадэчы. І днямі, і начамі, не сціхаючы, гайсаў над зямлёй сухі, сіверны вецер, сунуліся нізкія шэрыя хмары. Пад нелагодным небам, вылізаныя ветрам, цьмяна льсніліся заледзянелыя лужы на вуліцы, балотныя разлівы, што падступалі да голых зараснікаў. І тыдзень, і другі лічылі толькі халады ды сцюдзёныя вятры: на самым разыходзе восені і зімы нібы раптам прыпыніўся адвечны рух прыроды; восень адышла, а зіма не бралася як след. Усё жыло, здавалася, чаканнем снегу. Чакалі парадзелыя, чорныя алешнікі на балоце, гладкая, бліскотная роўнядзь разліваў і луж, гарбатыя, крывыя рады хат і гумнаў, цвёрдыя, у скамянелых грудках і каляінах дарогі, бясколерная, нежывая трава…
Далёка да позняга ў гэтыя дні світанку ўставала Ганна, вобмацкам выбіралася ў вузкую каморку кухні, поцемкі намацвала запалкі, лямпу. Лупіла бульбу, паліла ў печы, распальвала дзве грубкі ў калідоры, што павінны былі грэць класы, грубку на пакой другой настаўніцы, пачынала варыць снеданне. У клопаце сваім ніколі не прапускала той момант, калі на звонкім, намерзлым двары паяўляліся першыя галасы, патрэскваў ад першых крокаў ганак. Пад тупат і гоман, што ўсё мацнелі, множыліся, весялей было ўпраўляцца са сваім клопатам, самую поўніла беспрычынная радасць. Яна ўжо без здзіўленасці і без няёмкасці хадзіла ў калідоры сярод таўкатні дзяцей, якім да самага званка не сядзелася ў класе; ды і дзеці ўжо не дзівіліся ёй. Яна цяпер нямала каго ведала: з якога класа, як зваць, які характарам, з кім дружыць. Амаль са ўсімі яна абыходзілася, як знаёмая.
Пад той час, калі дзеці сыходзіліся ўсе, грубкі былі выпалены, у класах было цёпла, утульна, снеданне для Параскі прыгатавана. Калі звінеў званок і Параска з журналам, кніжкамі і сшыткамі, важная, строгая, выходзіла ў клас, Ганне наступаў доўгі час цішыні, у які можна было не спяшацца; можна было чуць сябе дзіўна, нязвыкла вольнай ад пільных абавязкаў. Колькі таго трэба было хуткай Ганне, каб прыбраць у пакоі, прыгатаваць абед: яна часта не ведала, што б яшчэ зрабіць, куды дзець сябе. У такім настроі Ганна любіла прыслухоўвацца да галасоў у класах, радавалася вірліваму тлуму перапынкаў, не разумела Галіну Іванаўну, якая моршчылася ад галаўнога болю і крычала на дзяцей, каб прыціхлі.
Ганна была давольная, што школа жыла з ранку да позняга вечара. Толькі перад вечарам і ў пачатку вечара – гадзіны дзве-тры – маўчалі пустыя класы. Тады ўвальваліся хлопцы, дзядзькі, цёткі: уціснуўшыся ў світах і кажухах у дзіцячыя парты і між доўгіх сталоў, разгортвалі па загаду Параскі газеты і кніжкі, чыталі, адказвалі ёй; часам збіраліся самі, на сход, – гаманілі, крычалі, іншы раз да мацюкоў, абмяркоўвалі свае арцельныя справы; дымілі так, што ў калідоры кашлялі. Раз сабралася купка маладых, дзверы зашчапілі з калідора: развучвалі з Параскай спектакль. Доўгі, нязграбны хлопец Мікалай, запхнуўшы пад сарочку згорнуты пінжак, паказваў пузатага багацея-кулака; другі, трохі шапялявы Апанас, выдаваў з сябе папа. Злосны Мікалай з хітрым Апанасам згаворваліся, як настрашыць людзей, каб яны баяліся ісці ў калектыў. Удвух яны пускалі ўсялякія плёткі, гразіліся божаю караю, і людзі дрыжалі перад калектывам і адмаўляліся ісці, але прыходзіла Параска, смелая і разумная камсамолка з горада, выкрывала плёткі кулака і папа, звала людзей у калектыў, і людзі дружна падымалі рукі за калгас і спявалі «Інтэрнацыянал»…
Параска, у чырвонай хустачцы, завязанай ззаду, у белай, з кароткімі рукавамі кофтачцы, не толькі з запалам гаварыла за камсамолку, але і паказвала Мікалаю, Апанасу, усім іншым, як трэба ім хадзіць, гразіцца, паказваць страх. Пакуль дайшлі да канца п'есы, Параска стамілася, але гаварыла весела, падбадзёрвала ўсіх; згарнуўшы сшытак з п'есаю, здаволена сказала, што будзе добрая пастаноўка. Ужо калі засталіся адны, падміргнуўшы Ганне, пагразілася, што ў новай п'есе і Ганне падбярэ ролю!
Ганна смехам жа адказала, што нічога, мабыць, у яе не выйдзе. Не здатная яна, Ганна, на такія штукарствы!
2
Ганна і Парасцы, і ўсім, хто цікавіўся, як ёй жывецца цяпер, паказвала, што яна шчаслівая і нават бесклапотная. Але калі праўда, што яна, як бы там ні было, радая была вялікаю, такою чаканаю пераменаю ў сваім жыцці, то ніякай бесклапотнасці яна не знала.
Пільна схаваны ад людскіх вачэй неспакой жыў у ёй, насцярожваў, не даваў поўна, шырока цешыцца радасцю вызвалення. Як ні цвёрда стаяла перад Яўхімам, калі ён дабраўся сюды, як ні смела, ганарліва адказвала на яго пагрозы, абяцанне яго: «Усё роўна без мяне табе не жыць» – увесь час помніла; як папярэджанне, якое абавязвала быць заўсёды напагатове. Яна знарок пасміхвалася са сваёй трывогі: і сцены школы, і Парасчына заступніцтва, і само новае становішча – нагадвала яна сабе – давалі ёй чуць сябе тут усё ж у бяспецы, але цвярозы розум не драмаў, напамінаў няспынна, што бяспека гэта не вельмі надзейная. Хто яго можа стрымаць, калі ён уварвецца сюды, разлютаваны, з нажом; або ж хіба цяжка яму падцікаваць