Упырхлікі. Андрусь Макатоўша. Читать онлайн. Newlib. NEWLIB.NET

Автор: Андрусь Макатоўша
Издательство: Электронная книгарня
Серия:
Жанр произведения: Современная зарубежная литература
Год издания: 2016
isbn: 978-985-7165-07-0
Скачать книгу
гэта мяне ня так даўно папрасіў. Кажа, Габрусь: напішы мне прадмову да кніжкі, бо ты ж пісьменьнік. Гэта праўда, бо я сам ня так даўно адну кніжку напісаў, але вы яе напэўна яшчэ не чыталі. Я яму кажу: лёгка! А да якой кніжкі? Вунь колькі на паліцы кніжак – давай з шасьці любую, я ўсе чытаў. А Андрусь, маўляў, не, да маёй уласнай. Я ўжо як той дурань зьбіраўся яму зноў уласную падпісваць. І тут да мяне дайшло: да ягонай кніжкі! Ну, добра – а дзе яна? А ён на гэта такі: няма. Во прыкаліст! Я дык яшчэ ніколі не пісаў прадмову, нават сам да сябе. А да кніжкі, якой няма, дык зусім. Але Андрусь абяцае, што будзе – то я во пішу. Так бы сказаць, сваімі словамі, а не пад дыктоўку. Аж непрывычна, то ж бо маю кніжку мы пісалі на адварот. Андрусь пісаў сваімі словамі, што я дыктаваў. Ай, якая ўрэшце розьніца, хто каму дыктуе. Што я хацеў вам сказаць. Мой дарагі друг і аўтар гэтай будучай кніжкі Андрусь, ён хоць і прыкаліст – але чалавек вялікага даверу. Усё, што ён мне пра сябе дагэтуль расказаў, поўная праўда. Таму ў ягонай кніжцы можаце не сумнявацца, калі будзеце яе чытаць, як і ў маёй. Я вам там у асноўным даю ўсякія парады, як гатаваць смачную ежу. А вось Андрусь піша пра тое, як усё насамрэч было. Каб вы не паўтаралі нашых памылак. А яна ў нас толькі адна: эміграцыя. Я памыліўся, што ў яе зьехаў запозна, а Андрусь – што зарана. Што зробіш, былі маладыя і дурныя. Андрусь кажа, каб я напісаў: гэтым я хачу паставіць мне і табе групавы помнік. Калі вы яго і праўда будзеце ставіць, то хай мы на ім з Андрусём стаім у абдымку. Адзін такі абдымак пастаўце мне ў вёсцы, а другі яму ў вёсцы. Толькі зрабіце па-людзку, каб з нас не сьмяяліся. Як напішаце – дашлю вам наглядны эскіз. Ну, бадай, усё. Да сустрэчы ў эфіры! А, забыў: калі Андрусь будзе пісаць пра мяне гадасьці, тады яму ня верце. Цяпер усё. Калі я вас нечым пакрыўдзіў, то выбачайце.

Габрусь Калода, Прага

      Частка першая: Андрусь

      1

      Каб любіць Беларусь нашу мілую,

      трэба ў розных краёх пабываць.

Песьня савецкіх часоў

      Не адзін вялікі пісьменьнік да мяне задаваўся пытаньнем, з чаго яму варта пачынаць свой галоўны і часта адзіны твор – задаюся ім і я, у астатнім чалавек зусім, трэба сказаць, не задавасты. Ну хіба сраку я за гады, што праўда, крыху ад’еў. Мая прыроджаная (ці адпрыродная? як бы напісаў вялікі пісьменьнік?) сьціпласьць змушае мяне патлумачыць вам, сваім чытачам (выбачайце, што пішу вам з маленькай літары, бо так, наколькі мне ведама, патрабуюць правілы – а таксама з адной маленькай вёскі, назвы якой ня маю ахвоты прыгадваць, надта ж яны абедзьве мне ненавісныя), адкуль уласна паходзяць вытокі гэтае самай сьціпласьці – то бок пачаць з моманту майго нараджэньня, але ж яго я акурат, як на бяду, і ня памятаю. Затое памятаю шэраг іншых ня менш важных рэчаў, якія адбыліся са мною неўзабаве пасьля яго. Першаю рэччу ў гэтым шэрагу быў той незабыўны дзень, калі я даведаўся, што я сірата. Паведаміў мне пра гэта ня хто іншы, як злыя дзеці ў дзіцячым садку пры дзіцячай калёніі, куды траплялі, як неўзабаве выявілася, такія ж як я малалетнія правапарушальнікі, што таксама пазабівалі сваіх мацярок пры родах. Пасьля гэтага паведамленьня я пачаў плакаць і плакаў тры дні і тры ночы, пакуль у маім жыцьці ўрэшце не зьявіўся дзядзька Базыль, тэрмінова выкліканы да мяне з выцьвярозьніку, каб забраць мяне ў так званае дзядзькаваньне. На той момант мне было тры гады.

      Дзядзька Базыль і насамрэч быў маім дзядзькам, то бок братам майго нябожчыка-бацькі, які скончыў жыцьцё самагубствам тады, калі даведаўся пра цяжарнасьць маёй матулі. Дзядзька займаўся настаўніцтвам, па суседзтве – гэта значыць, збольшага хадзіў па суседзях і за пачастунак вучыў іх, як трэба жыць. Яшчэ ў той жа дзень дзядзька Базыль прадставіў мяне маім бабці зь дзедам – сваім і майго бацькі бацькам. Дзеля гэтага ён завёз мяне да іх на вёску і пакінуў мяне там азнаямляцца з жыцьцём простага народу да маіх дзевяці гадоў, калі мяне ўрэшце прызналі прыгодным да навучаньня ў школе й аддалі ў першую клясу. Да гэтага ўсё ішло як нельга лепей: у бабы зь дзедам мне было анігадкі, па вечарах мы гулялі зь імі ў даміно і карты, шляхам чаго я набіраўся розуму. Дзядзька Базыль рэгулярна нас наведваў: як толькі ў астатніх дзяцей (а такім чынам і ў яго як настаўніка) пачыналіся летнія вакацыі, ён тут жа зьяўляўся на парозе і пачынаў мною займацца на правах апекуна. Гэта значыць – забіраў мяне з сабою, як ён казаў, «цягацца па сьвеце».

      Сьвет дзядзькі Базыля, трэба сказаць, ня быў надта вялікім што да геаграфічных маштабаў, складаючыся пераважна з ваколіцаў ягонай роднай вёскі, якія мы зь ім абышлі ўжо ў нашую першую вандроўку. Дзядзька Базыль называў гэта «азнаямленьнем з гістарычнымі мясьцінамі» – праводзячы мяне па навакольлі, ён апавядаў пра кожную мясьціну якую-небудзь гісторыю з сваёй маладосьці: маўляў, вось тут я бухаў, тут пабіўся, вось з гэтаю жыў, з гэтым служыў і г. д. З кожным годам радыюс нашых вандровак усё пашыраўся, і неўзабаве нам давялося спыняць папутныя машыны, каб дабрацца дадому – а ўжо ў наступны год і каб дабрацца да месца прызначэньня. Як толькі мы такім чынам перасягнулі арбіту дзядзькавага роднага краю, ягоныя гісторыі раптоўна скончыліся – што змусіла яго пачаць прыдумляць дзеля мяне ўсякія показкі, прывязаныя да ніколі яшчэ ня бачаных ні мною, ні ім мясьцінаў. Балазе, фантазіі ў дзядзькі было нямерана.